У Ходасах радасць – адкрылі кавярню з караоке. Чырвоную стужку перарэзалі чыноўнікі

Гэта адзіная ядальня ў мястэчку, якое з дзясятак гадоў як лічыцца аграгарадком. Паводле закладзеных уладамі сацыяльных стандартаў у ім даўно мелася быць такая ўстанова харчавання.

Адкрыцця кавярні «Сустрэча» жыхары Ходасаў чакалі шэсць гадоў. Яны неаднаразова звярталіся з прапановаю да мясцовай улады і кіраўніцтва райспажыўтаварыства.

«І як толькі ў спажывецкага таварыства з’явіліся сродкі, мара сельскіх жыхароў спраўдзілася», – адзначае інтэрнэт-рэсурс мсціслаўскай раёнкі «MstLife».

mstlife.by

 На адкрыццё «сучаснага кафэ з караоке» наведаліся чыноўнікі і жыхары паселішча. Прыехаў нават кіраўнік райвыканкаму з Мсціслава Дзмітрый Пімашэнка.

«З адкрыццём кафэ вырашаецца адна з праблем па забеспячэнні месцамі грамадскага харчавання, аказанні паслуг спажывецкім таварыствам» – заявіў ён і выказаў меркаванне, што «абʼект будзе запатрабаваным».

На кавярню райспажыўтаварыства патраціла 40 тысяч рублёў. Працы трывалі чатыры месяцы. Кавярня гатовая прыняць адначасова 86 чалавек. Абяцаецца, што ў меню будуць пераважаць стравы беларускай кухні.

mstlife.by

У Ходасах пад 2 тысячы жыхароў. Паўз мястэчка праходзяць чыгунка з Воршы ў расійскую Ўнечу. Паселішча – адміністрацыйны цэнтр Ходаўскага сельсавету. Да Мсціслава – 15 кіламетраў. Да Магілёва 85-ць.