Одежда из Европы

У гандлюючай у Магілёве сетцы сэканд-хэндаў прайшлі масавыя затрыманні

Адзінаццаць мэнеджараў гандлюючай сэканд-хэндам у розных гарадах Беларусі сеткі крамаў «Адзенне з Еўропы» затрыманы праваахоўнымі органамі. Апрача падатковых злачынстваў, некаторых абвінавачваюць ў т.зв. экстрэмізме.

У паведамленні ў тэлеграм-канале Камітэта дзяржкантроля Беларусі аб затрыманні назва кампані  не падаецца. Разам з тым, па інфармацыі “Нашай Нівы”, гэта тычыцца менавіта сеткі “Адзенне з Еўропы”, якая мае 97 крамаў у 12 гарадах, у тым ліку ў Менску, Гомелі, Гародні, Магілёве і буйных райцэнтрах.

Супрацоўнікі камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці заявілі, што службовыя асобы кампаніі арганізавалі схему ўхілення ад падаткаў. Яны стварылі яшчэ 12 кампаній, аформілі на іх новыя гандлёвыя кропкі, і падзялялі паміж імі выручку. Гэта дало магчымасць, па версіі КДК, беспадстаўна карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання. У выніку бізнесмены не заплацілі больш за 3,8 млн рублёў падатку на прыбытак і ПДВ.

Затрыманыя 11 чалавек. Пры сілавой падтрымцы АМАП на маёмасць фігурантаў накладзены арышт – гэта 15 аб’ектаў нерухомасці, 8 аўтамабіляў агульным коштам 5,5 млн рублёў. Акрамя таго, былі канфіскаваныя 315 тыс.долараў ЗША, 150 тыс.еўра і 500 грамаў золата ў злітках.

На дадзены момант затрыманыя ўжо вярнулі 1,9 млн рублёў у якасці частковага пакрыцця шкоды, паведамляе КДК. Паводле ведамства, двое падазраваных маюць дачыненне да так званай «экстрэмісцкай» дзейнасці.

Тым часам гандлёвыя пункты кампаніі працягваюць працу, іх дзейнасць не прыпынялася.

Фота: Сетка “Адзенне з Еўропы”