У цеплатрасы Бабруйска дададуць зялёны фарбавальнік – з такім жа адзначалі Дзень св. Патрыка

Для пошуку разрываў у трубах цеплатрас, а таксама месцаў несанкцыянаванага падключэння да сетак, “Магілёўэнерга” будзе дадаваць у сеткавую ваду флюарэсцэнтны фарбавальнік уранін А.

Пачынаючы з 11 красавіка ў цеплавую сетку Бабруйска будзе дададзена фарбавальнае рэчыва уранін А, альбо флуарасцэін натрыя – паведамляе філіял “Магілёўэнерга”. Гэты фарбавальнік бясшкодны для здароўя чалавека, пачынаючы з 1962 года гэтым парашком фарбавалі раку ў Чыкага, адзначаючы такім чынам Дзень святога Патрыка.

У Бабруйску прымяненне флуарасцэіна натрыя неабходна для пошуку несанкцыянаваных уцечак сеткавай вады з трубаправодаў цеплатрас, вызначэння шчыльнасці падагравальнікаў гарачага водазабеспячэння з ад ТЭЦ-1 і ЦЭЦ-2. Падфарбаваная вада дазволіць візуальна выявіць прысутнасць сеткавай вады пурпурна-зялёнага колеру ў розных водных патоках, у сетках, якія працуюць па закрытай схеме цеплазабеспячэння.


Пагэтаму кіраўніцтва “Магілёўэнерга” заклікае жыхароў горада не перажываць, калі з іх кранаў пацячэ зялёная вада, а тэлефанаваць у дыспетчарскую па тэлефоне 78-83-52. Падобныя эксперыменты па фарбаванні вады ў цеплатрасах – звычайная справа ў шматлікіх краінах. Спецыялісты адзначаюць, што ў малой канцэнтрацыі уранін А абсалютна бясшкодны для здароўя чалавека, але адначасова заклікаюць зялёную ваду з-пад крана ўсё ж не піць.

Фота ілюстрацыйнае