У сярэдніх школах Магілёва № 39 і № 45 і ў Вяйнянскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна распачынаецца пілотны эксперыментальны праект па арганізацыі новай сітэмы харчавання школьнікаў.
Усяго ў краіне эксперымент будзе праходзіць у 21 школе. Па форме нам прапануюць зрабіць пераход на сістэму, якая даўно прымяняецца ў еўрапейскіх школах. Але застаецца пытанне, ці разумеюць беларускія чыноўнікі ад адукацыі прычыны ўвядзення падобнай сістэмы ў заходніх краінах?
Сутнасць беларускага праекта
Сёння беларускія школьнікі могуць выбраць сняданак, экспрэс-сняданак і абед. Калі вучні ў школе снедаюць пасля першага ці другога ўрока, то многія стравы трапляюць у адыходы. Мяркуецца, што дзеці, якія паснедалі дома, яшчэ не галодныя ў час школьнага сняданку і неахвотна ядуць.
У навучальных установах – удзельніках эксперыменту, сняданак і экспрэс-сняданак будуць адменены. Школьнікі будуць есці праз 3,5 гадзіны пасля пачатку заняткаў, і гэта будзе абед. Але абед будзе большым па аб’ёме і яшчэ больш карысным і спажыўным. Акрамя таго, у меню паспрабуюць уключыць стравы, якія дзеці ядуць з большай ахвотай.
Трэба адзначыць, што колькасць страў будзе залежыць ад часу знаходжання школьніка ў навучальнай установе. Калі дзіця вучыцца ў школе ад 3,5 да 6 гадзін, прадугледжаны адзін прыём ежы, ад 6 да 10 гадзін – два, а калі больш за 10 гадзін – тры.
Адна з эксперыментальных школ Магілева № 45 размешчана ў Спадарожніку. Яна самая вялікая ў рэгіёне. Чыноўнікі палічылі, што калі сістэма запрацуе тут, то яна запрацуе і ў іншых школах.
У школе № 45 сёння вучацца 2 636 дзяцей у 95 класах. У яе сталовай маецца 360 пасадачных месцаў, і яе прыйдзецца пашырыць да 430, каб паспець накарміць усіх школьнікаў своечасова. Каб накарміць дзетак, нават разглядаюцца маршруты праходу дзяцей па школьных калідорах так, каб яны маглі як найхутчэй трапіць у сталовую на гарачы абед і не затрымліваць іншых.
Пакуль што ў школе праводзіцца падрыхтоўчая праца, а ўжо пасля зімовых канікул школьнікі сярэдняй школы № 45 пачнуць есці ў адпаведнасці з новымі правіламі.
Еўрапейскі досвед
Тое, што ў нас лічыцца эксперыментам і сціпла называецца “новай” сістэмай, насамрэч даўно апрабаваная школьная практыка краін Еўразвязу. У большасці краін Еўропы пасля 3-4 урокаў у школьных занятках робіцца вялікі перапынак на абед і адпачынак школьнікаў. Падобна, што нашы чыноўнікі проста не хочуць прызнавацца, што пераймаюць вопыт заходніх краін.
Напрыклад, у французскіх школах ужо ў сярэдніх класах зранку праходзяць 4 урокі дзвюма парамі, а затым робіцца перапынак. У маленькіх гарадках перапынак можа складаць некалькі гадзін. Школьнікі ідуць ці едуць на веласіпедах дадому або абедаюць у школах, потым гуляюць, тусуюцца. А затым зноў вяртаюцца да заняткаў у другую змену. Такія перапынкі і абед рэзка павышаюць эфектыўнасць урокаў і менш стамляюць школьнікаў. Такі рытм навучання больш здаровы для дзіцячага арганізама.
Еўрапейскія дзеці любяць хадзіць у школу ў тым ліку дзякуючы вялікім перапынкам на абед.
Вялікі перапынак у школах на захад ад Бугу прадугледжаны не толькі для абеду, але найперш для адпачынку і аднаўлення сіл, для зносін з аднагодкамі. У гэты час і настаўнікі адпачываюць ад дзетак. А потым яны разам плённа працуюць на астатніх уроках. У такім выпадку ніякай праблемы з хуткасцю прыёму ежы няма. Наадварот, трэба проста зрабіць перапынак большым і арганізаваць месцы для адпачынку дзяцей і настаўнікаў у школе.
Галоўны плюс падобных вялікіх перапынкаў: змяншэнне нагрузкі на дзяцей, паляпшэнне здароўя школьнікаў і навыкаў камунікацыі, якія атрымоўваюць дзеці ў час перапынкаў, стварэнне прыемнай атмасферы ў школе.
Гледзячы па пытаннях, якія хвалююць беларускіх школьных дырэктараў у час эксперыменту, разумееш, што для іх галоўнае пытанне – як хутка накарміць дзяцей. А ў краінах Еўразвязу галоўная мэта – даць дзецям час на харчаванне і адпачынак ад урокаў.
Беларускі эксперымент будзе доўжыцца да канца красавіка, каб да новага навучальнага года ацаніць, ці варта рэалізаваць гэты досвед ва ўсіх школах краіны. Найхутчэй у беларускіх школах усё ізноў будзе зведзена да “тэхналогіі кармлення” дзяцей.
Фота ілюстрацыйнае