Міністэрства лясной гаспадаркі ўступіла ў бітву з прыватным бізнэсам у галіне дрэваапрацоўкі.
Першы фірмовы гандлёвы аб’ект Мінлясгаса адкрыўся ў абласным цэнтры па вуліцы Пысіна. Заяўляецца, што ў ім будзе прадстаўлена прадукцыя з 13 лясгасаў Магілёўшчыны – страпільныя сістэмы, палавая дошка, вагонка, пасадачны матэрыял, дошкі для забора, вырабы з дрэва і нават колатыя дровы.
Стварыць сетку падобных гандлёвых аб’ектаў па краіне міністэрству лясной гаспадаркі даручыў урад. Па словах генеральнага дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргея Максімовіча, якія перадае газета “Родная ніва”, гэтая гандлёвая сетка “будзе садзейнічаць насычэнню ўнутранага рынку леса- і пілапрадукцыяй, насельніцтву прапануюць поўны асартымент прадукцыі, неабходнай для будаўніцтва, а адной з умоў функцыянавання аб’екта стане цэнавая даступнасць.”
– Мы не прыйшлі зарабляць тут вялікіх грошай, нам трэба стабільная рэалізацыя нашай прадукцыі паводле даручэння ўрада. – пракаментаваў адкрыццё аб’екта Уладзімір Касянкоў, дырэктар Клічаўскага лясгаса, які і адкрыў краму ў Магілёве.
Ён заявіў, што тавар на аб’екце будзе як мінімум на 20% таннейшы, чым на іншых пляцоўках, а рэнтабельнасць рэалізуемых тавараў не перавысіць 5 працэнтаў.
Mogilev.media плануе дэтальна вывучыць асартымент гандлёвага аб’екта лясгасаў і зрабіць падрабязны матэрыял пра амбітны праект стварэння паспяховай дзяржаўнай гандлёвай сеткі.
Фота ілюстрацыйнае.