Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Міхаіл Зубкоў
Асуджаны на 3 гады калоніі агульнага рэжыму.
Праваабаронцы паведамляюць, што летась у верасні Зубкоў удзельнічаў у маршы ў Гомелі. Яго затрымаў АМАП. 15 дзён ён правёў у ІЧУ.
Больш да Зубкова прэтэнзіяў з боку міліцыі не было, сцвярджаюць сваякі. Аднак, калі Міхась паехаў на працу ў Маскву, яго зноў затрымалі.
Суд Цэнтральнага раёну Гомля абвінаваціў яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў гвалце над супрацоўнікамі міліцыі.
Максім Плятнёў
Асуджаны на год калоніі агульнага рэжыму.
Праваабаронцы пішуць, што нагодай для крымінальнага пераследу Плятнёва сталі надпісы на кіёску, электрападстанцыі, будынку цепласетак і шматпавярховіку.
19 жніўня суд Ленінскага раёну Гродна прызнаў Плятнёва вінаватым у “апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці”.
Генадзь Драздоў
Мастак і былы кіраўнік творчага аб’яднання «Пагоня» затрыманы.
Пра зняволенне паведамляюць ягоныя калегі. Яны высвятляюць акалічнасці і прычыны затрымання.
Драздоў з 1999 года – чалец Беларускага саюзу мастакоў. Яго работы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, ЗША, Нарвегіі, Бельгіі, Украіне, Расіі. У гэтых краінах прайшло больш за дзясятак яго персанальных выставак.
10 сакавіка ён даў інтэрвʼю пра палітвязня, мастака Алеся Пушкіна, якое з 23 снежня 2021 года лічыцца ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Аляксей Ільінчык
Затрыманы.
Пра тое паведамляюць праваабаронцы, спасылаючыся на праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, мужчыну затрымалі з-за ««творчай» дзейнасці ў інтэрнэце».
Ільінчыку – 60 гадоў. Ён бард, удзельнік і арганізатар фестываляў. Правёў 85 канцэртаў, аўтар кніг.
Ігар Шарамаў
Затрыманы, паведамляюць праваабаронцы.
Яны дапускаюць, што нагодаю да зняволення мог стаць фотаздымак з рамкай у выглядзе сцяга Украіны. Судовы працэс у дачыненні да яго, пішуць праваабаронцы, імаверна пройдзе ў панядзелак.
Шарамаў утрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрымання. Сам ён з Наваполацку.
Аляксандр Аўдзяюк
Асуджаны на два гады калоніяў агульнага рэжыму, этапаваны ў Івацэвіцкую папраўчую калонію № 5.
Жыхар Быхава прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем.
Суд Быхаўскага раёну 1 красавіка асудзіў яго за «паклёп і абразу Лукашэнкі». Асуджаны паставіў упадабайку пад допісам у «Аднакласніках».