Жыхар Бялынічаў знік без вестак, ваюючы на баку Расіі

Родныя жыхара Бялынічаў Рамана Карпенкі, які пайшоў разам з расіянамі забіваць украінцаў, просяць праз украінскі праект дапамагчы яго знайсці.

Цётка Рамана Карпенкі Святлана звярнулася ва ўкраінскі праект “Не жди меня из Украины”. Яна паведаміла, што пляменнік, па афіцыйных даных, знік без вестак, і папрасіла дапамагчы ў яго пошуках. 

Паводле жанчыны, Раман Пятровіч Карпенка нарадзіўся 22 сакавіка 2005 года, жыў у Бялынічах, ваяваў пад пазыўным «Большой». Служыў па кантракце ў 7-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгадзе (вайсковая частка 40321).

«Адзінае вядома, што 28 студзеня ён пайшоў, а 4 лютага нам сказалі, што ён прапаў без вестак. Больш ніякай інфармацыі ня ведаем», — сказала праекту Святлана Аляксееўна.

Як перадае “Радыё Свабода”, 7-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада (вайсковая частка 40321) да поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны належала да так званай «народнай міліцыі ЛНР». Пасля далучэння ў сьнежні 2022 году да Сухапутных войскаў Расіі ў брыгадзе стварылі 4-ы стралковы батальён і батальён «Шторм». Атрады «Шторм» фармуюць з расійскіх вайскоўцаў, якія адмовіліся выконваць загад, злоўжываюць алкаголем, а таксама з зняволеных, якія адбываюць пакаранні ў турмах і калоніях.

Паводле расійскага выдання «Важные истории», вайскоўцам з атрадаў «Шторм», завэрбаваным у калоніях, выдаюць асабістыя жэтоны шасцілічбавыя сэрыі «АБ», якія пачынаюцца з лічбаў 17, 18, 19, 20. Зніклы без вестак беларус меў жэтон АБ-197027.

Фота: Праект “Не жди меня из Украины”