Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Дзяніс Івашын

15 жніўня Гродненскі абласны суд пачаў разглядаць крымінальную справу на журналіста, прызнаванага праваабарончай супольнасцю палітвязнем. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.

Дзяніс Івашын утрымліваецца за кратамі 521 дзень. Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 12 сакавіка 2021.

Паводле праваабаронцаў, спачатку журналіста зрабілі падазраваным у справе “умяшання ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”. Пазней яму выставілі абвінавачванне яшчэ і за «здраду дзяржаве». КДБ вінаваціць Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.

Аляксандр Кухарэнка

Асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, нагодаю для пераследу архітэктара і музыкі стаў рэпост спасылкі на відэа пра Рамана Бандарэнку, загінулага быўшы затрыманым у Мінску на плошчы Пераменаў.

Аляксандра Кухарэнку забралі 2 жніўня ў Мінску. Сваю віну прызнаў. Ён патлумачыў, што размясціў спасылку на відэа да таго, як канал, дзе яна з’явілася, прызналі экстрэмісцкім.

Мікіта Палеонка

Асуджаны на 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Прызнанаму праваабарончай супольнасцю палітвязнем інкрымінавалі «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўнікоў улады», «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у іх», «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».

Праваабаронцы пішуць, што паводле абвінавачвання, 28-гадовы жыхар Віцебска, «зʼяўляючыся актыўным падпісчыкам экстрэмісцкіх Telegram-каналаў, заклікаў да гвалту, абражаў міліцыянтаў і “прэзідэнта”».

Дзяніс Ландычанка

Затрыманы.

Пра тое праваабаронцам стала вядома з праўладных крыніц. Паводле іх 23-гадовы хлопец быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і рабіў з іх рэпосты.

Яўген Грыцок

Затрыманы.

Пра тое праваабаронцы дазналіся з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле іх, 24-гадовы хлопец, «наслухаўшыся дэструктыўнага земляка», прыняў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе – а менавіта, стаяў у «счэпцы».

Журналісты пачаткоўцы з Латвіі пагутарылі на «Славянскім базары» з Лукашэнкам. МЗС Латвіі лічыць, што яны парушылі рэкамендацыі аб бяспецы

У Латвіі разбіраюцца, чаму дзіцячая ўстанова наведала Беларусь, ігнаруючы рэкамендацыі аб бяспецы падарожжаў і ўдзелу ў інфармацыйнай вайне.

На факт удзелу Рыжскай дзіцячай акадэміі радыё і тэлебачання «Academy KidsTV» на фестывалі ў Беларусі звярнула ўвагу Міністэрства замежных спраў. Яго кіраўнік звярнецца ў адказныя інстанцыі, каб тыя далі прававую ацэнку паездцы, піша выданне Jauns.lv.

«Адкрытае ігнараванне рэкамендацый МЗС у пытаннях бяспекі перамяшчэння і ўдзелу ў інфармацыйнай вайне такіх арганізацыяў недапушчальнае і мае быць спыненае», – напісаў міністр Эдгарс Рынкевіч у сваім твітары.



Рыжская дзіцячая акадэмія радыё і тэлебачання «Academy KidsTV» паехала ў Віцебск на фестываль « Славянскі базар».

У Акадэміі заяўляюць: гэта «прыгожы дзіцячы конкурс, у якім удзельнічаюць 23 краіны», таму не ўбачылі прычынаў, каб не наведаць суседнюю краіну. Арганізацыя дадае, што раней яе гадаванцы ездзілі ў Іспанію, Літву і плануюць у Македонію.

«Шмат розных дзіцячых заняткаў, нам было вельмі цікава. Мы хадзілі фатаграфавацца, адпрацоўваць інтэрв’ю на розных мовах. У асноўным нашы дзеці размаўляюць па-англійску», – расказалі ў дзіцячай арганізацыі.

Праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» не прамінуў адзначыць удзел латышоў на фэстывалі. Ён напісаў, што «перад сцэнаю Першага падлавілі журналісты рыжскай дзіцячай Акадэміі Радыё і тэлебачання».

На апублікаваным фота падлетак з мікрафонам стаіць побач з Лукашэнкам. У каментары да яго напісана:

«Упэўненыя, што ў дадзенай сітуацыі ў свеце, гэта будзе пазітыўнай падзеяй у грамадскіх адносінах».

У Міністэрстве замежных спраў Латвіі ўказваюць, што «рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму падтрымлівае ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны, супраць яго накіраваныя сурʼёзныя міжнародныя санкцыі».

Акрамя таго ў міністэрстве звяртаюць увагу, што спецслужбы Латвіі, так і іншых краін НАТА публічна папярэдзілі аб разведвальна-вярбовачнай дзейнасці расійскіх і беларускіх спецслужбаў.

“Не атрымлівае лістоў”. У гомельскай калоніі зняволеная журналістка Дар’я Чульцовай пабачылася з маці

«Зусім дарослай стала», – падзялілася ўражаннямі ад спаткання маці.

Журналістка Дар’я Чульцова праз чатыры з паловай месяцы мае выйсці на волю. За кратамі яна з 15 лістапада 2020 году. Разам з каляжанка Кацярынай Андрэевай (Бухвалавай) была затрыманая ў кватэры на «плошчы Перамен» у Менску, адкуль яны вялі стрым для тэлеканалу «Б****т». У кватэры выламалі дзверы, усярэдзіну забеглі спецназаўцы.

Спачатку Чульцову і Андрэеву асудзілі на 7 дзён адміністрацыйнага арышту за «удзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванні». Потым абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 18 лютага 2021 году ім прысудзілі па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

«Засталося 4 з паловай месяцы і яны будуць самымі цяжкімі»

Днямі з Дар’яй пабачылася на спатканні ў Гомельскай калоніі маці Наталля Церабіленка. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку яна напісала, што самаадчуванне і выгляд у дачкі добрыя, шмат чытае. Хоча перачытаць «Майстра і Маргарыту».

«Зусім дарослая стала, – адзначае жанчына. – Засталося 4 з паловай месяцы. І яна і мы разумеем, што яны будуць самымі цяжкімі».

У допісе Наталля Церабіленка напісала, што Дар’я зусім не атрымлівае лістоў. «Усё ідзе ў топку», – адрэагавала яна.

Журналістыку ўпадабала ў старэйшых класах

Дар’я Чульцова нарадзілася ў Шклове. У зняволенні 20 лютага адзначыла 25-годзьдзе.

Журналістыку Дар’я ўпадабала ў старшых класах. Скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўніверсітэту імя Куляшова. Працавала ў мясцовым інтэрнэт-выданні «Могилёв. Онлайн». З тэлеканалам «Белсат» пачала супрацоўнічаць у 2019 годзе.

Дзяўчына разумела, што супрацоўніцтва з «Белсатам» стане нагодай для пераследу і рэпрэсіяў. У Магілёве двойчы яе штрафавалі за працу без акрэдытацыі.

У верасні 2020 году перабралася ў сталіцу і там пачала рабіць аператаркай. Пра ейны арышт родным стала вядома з смс-паведамленьня праваабаронцаў.