З-за агрэсіі Расіі ва Ўкраіне фінал Eurovision-2023 перанесены з Украіны ў Брытанію. Англічане робяць усё магчымае, каб даць належнае леташнім украінскім пераможцам.
У 2022 годзе ў конкурсе перамагла ўкраінская рэп-група Калуш, таму менавіта ва Ўкраіне павінен быў прайсці фінал 2023 года. Але яшчэ ў чэрвені стала зразумела, што правесці конкурс у краіне, дзе працягваецца вайна, немагчыма. У выніку фінал конкурсу быў перанесены ў Брытанію, якая летась заняла другое месца.
Музычнае спаборніцтва пройдзе ў Ліверпулі. Арганізатары прадставілі свой лагатып у выглядзе сэрцаў у нацыянальных колерах Украіны і Брытаніі, якія “змагаюцца ва ўнісон”. Класічнае шматслойнае сэрца ў сінім, жоўтым, ружовым і фіялетавым колерах стане сімвалам шоў. Ён пройдзе пад лозунгам “Мы аб’яднаны музыкай”.
Вялікі фінал спаборніцтваў адбудзецца на Liverpool Arena ў суботу, 13 мая, а паўфіналы 9 і 11 мая. Удзельнікі з Украіны аўтаматычна праходзяць у галоўны фінал разам з так званым “Вялікімі пяці”, у якія ўваходзіць і Вялікабрытанія.
Украіну будзе прадстаўляць група Tvorchi (“творчыя”), якія граюць электронную музыку.
Фота ўзята з адкрытых крыніц.