Свята пачалі працоўныя амерыканкі, працягнулі нямецкія сацыялісткі, а адзначаюць славянскія хатнія гаспадыні.
Вытокі Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка звязаны з падзеямі так званага «марша пустых рондаляў». 8 сакавіка 1857 года адбыліся дэманстрацыі работніц тэкстыльнай прамысловасці і пашывачных фабрык у Нью-Ёрку ў знак пратэсту супраць непрымальных умоў працы і нізкай заработнай платы. Яны патрабавалі скарачэння працоўнага дня, паляпшэння ўмоў працы, роўную з мужчынамі заработную плату. Страйк не даў ніякіх вынікаў, а мірны мітынг быў разагнаны паліцыяй.
8 сакавіка 1908 г. у Нью-Йорку адбылася дэманстрацыя «сацыялістычных жанчын», звязаная з тэкстыльнымі забастоўкамі ў 1857–58 гадах. Тысячы жанчын патрабавалі права голасу, выступілі супраць цяжкіх умоў працы і супраць працы дзяцей.
Да 1908 года штогадовыя дэманстрацыі сталі настолькі маштабнымі, што гэта заахвоціла Сацыялістычную партыю Амерыкі абвясціць 28 лютага 1909 г. Нацыянальным жаночым днём.
Традыцыя правядзення свята 8 сакавіка (23 лютага па старым стылі) стала ўмацоўвацца паўсюдна пасля таго, як у 1914 годзе жанчыны Аўстра-Венгрыі, Германіі, Даніі, Нідэрландаў, Швейцарыі, Расіі, ЗША і іншых краін правялі мітынгі супраць вайны, мілітарызму і за права голасу. Прынята лічыць, што дата была абрана ў памяць аб буйных забастоўках работніц тэкстыльных фабрык у ЗША, якія адбыліся 8 сакавіка ў 1857 і 1908 гадах.
У Савецкім Саюзе 8 сакавіка звязвалася з падзеямі Лютаўскай рэвалюцыі
На замацаванне 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага жаночага дня таксама паўплывалі падзеі лютага 1917 года ў Расіі. У 1917 годзе ў гэты дзень (23 лютага па старым стылі) пачалася забастоўка работніц ткацкіх фабрык Выбаргскага боку ў Петраградзе з патрабаваннямі “Хлеба і міру!”, якая перарасла ў рэвалюцыю.
Праз чатыры дні імператар падпісаў указ аб дараванні права голасу жанчынам, а праз тыдзень адрокся ад пасаду. У першыя гады савецкай улады выбаргскіх ткачых шырока ўшаноўвалі як застрэльшчыц звяржэння царызму.
Пасля Лютаўская рэвалюцыя апынулася ў цені бальшавіцкага Кастрычніцкага перавароту, і дадзеная акалічнасць у СССР не акцэнтавалася. Прычым петраградскія бальшавікі скарысталіся святкаваннем Міжнароднага жаночага дня для арганізацыі мітынгаў і сходаў, якія стыхійна пераходзілі ў забастоўкі і рэвалюцыйныя дэманстрацыі.
У 1921 годзе па рашэнні 2-й Камуністычнай жаночай канферэнцыі было вырашана святкаваць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка ў памяць аб удзеле жанчын у петраградскай дэманстрацыі 23 лютага (8 сакавіка) 1917 года, які стаў адной з падзей, што папярэднічалі Лютаўскай рэвалюцыі, у выніку якой была звергнута манархія.
Як цяпер адзначаюць гэты дзень у розных краінах
Жаночы дзень 8 Сакавіка афіцыйна святкуюць у больш за 40 краінах, але не ўсюды аднолькава. Святкуюць 8 сакавіка не толькі ў краінах былога Савецкага Саюза, але і ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, а таксама краінах Азіі, Афрыкі і Амерыкі.
У былых савецкіх рэспубліках захавалася традыцыя адзначаць жаночы дзень шырока. У наш час 8 сакавіка адзначаецца як Міжнародны жаночы дзень (альбо як Дзень жанчыны, Дзень маці і т. д.) і з’яўляецца непрацоўным святочным днём ва ўсіх краінах былога СССР. Выключэнні складаюць Латвія, Літва і Эстонія, хоць і там гэту дату таксама адзначаць.
Да гэтага дня рыхтуюцца ўсе мужчыны ад малога да вялікага: купляюць кветкі, падарункі, вучаць вершы, рыхтуюць душэўныя віншаванні сваім мамам, сяброўкам, жонкам і калегам. Дамы і офісы ператвараюцца ў пахкія сады. Прыбраныя жанчыны адчуваюць сябе імянінніцамі, а мужчыны бяруць на сябе хатнія клопаты.
Адзначаецца гэта дата ў Манголіі, Камбоджы, Лаосе і В’етнаме, дзе 8 сакавіка лічыцца непрацоўным днём. Прычым у В’етаме сучаснае свята ў гонар жанчын злілося са старажытным Днём памяці сясцёр Чынг. Шырока адзначаецца 8 сакавіка і ў Кітаі, дзе для жанчын у гэты дзень прадугледжаны скарочаны працоўны дзень.
У Германіі 8 сакавіка з’яўляецца рэгіянальным святам і выходным днём у Берліне. Адзначаецца Міжнародны жаночы дзень і ў Італіі. У гэты дзень італьянскія мужчыны дораць жанчынам букеты мімозы, якія сталі сімваламі жаночага дня.
Фота з адкрытых крыніц