“Таямніца забытага акведука” – так называецца новы ролік, які выклаў на сваім Youtube-канале магілёўскі відэаблогер пад нікам chas chasov.
Недалёка ад Шмідтаўскага маста ў Магілёве, у сапраўдных тропіках на схіле гары, на якой калісьці працаваў Завод штучнага валакна, красуецца незвычайная для горада інжынерная канструкцыя – акведук. Ён быў пабудаваны ў пасляваенныя гады для выдалення рэшткаў паліва ад катлоў ЦЭЦ-1. Палівам для электрацэнтралі служыў торф, які падаваўся з левага берага Дняпра па канатнай дарозе.
Пры дапамозе вады, зала ад катлоў змывалася па нахілёных латках акведука, які мае кіламетровую даўжыню. Пасля пераходу ЦЭЦ-1 з торфа на мазут а потым і на газ, неабходнасць у гэтай канструкцыі адпала, але яна так і засталася стаяць, усімі забытая і закінутая – тлумачыць гісторыю магілёўскага акведука аўтар відэа.
14-хвілінны ролік пагружае ў таямнічы свет гарадскога ўскрайку, дзе нібыта ў джунглях сярод дрэваў хаваюцца парэшткі колішняй цывілізацыі.
“Яўнае адчуванне Чарнобыльскай зоны” – каментуюць гледачы відэа.
“Дзякуй за новы ролік, у жыцці б не падумаў, што ў Магілёве такое ёсць.”
Фота: chas chasov, скрыншот