Чым выклікана неабходнасць увядзення працяглай каменданцкай гадзіны кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі не тлумачыць, але просіць гараджанаў паставіцца да абмежаванняў з разуменнем і загадзя спланаваць выхадныя. Кантраляваць вуліцы гораду пачнуць з вечара 5 жніўня, піша выданне Delo.ua.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Раней Віталь Кім дапускаў, што ўлады могуць закрыць горад для выкрыцця памагатых расійскім войскам, гэтак званых, карэктыроўцаў агню.
«Мікалаеў праз тыдзень-два зачыняць на дзень ці на два для таго, каб адпрацаваць адрасы магчымых здраднікаў», – даводзіў Кім 20 ліпеня.
Кіраўнік абласной адміністрацыі абяцаў выплачваць узнагароду ў 1000 долараў тым, хто выявіць карэктыроўцаў. Ён кажа, што за прамінулы час афіцыйна людзі дапамаглі затрымаць чатырох такіх асобаў.
«Выплаты былі – 1000 долараў. Але большасць людзей проста адмаўляецца ад гэтых грошай і ёсць нават такія, якія прапануюць даплаціць за тое, каб злавілі карэктыроўцаў. Спецслужбы працуюць – убачыце яшчэ», – цытуе Віталія Кіма інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».
Тым часам 5 жніўня расійскія войскі абстралялі адзін з раёнаў Мікалаева. Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча ў выніку абстрэлу адзін прыватны жылы дом часткова разбураны, яшчэ адзін загарэўся ад пападання боепрыпасаў і іх аскепкаў.
Ваеннае камандаванне абароны гораду паведамляе, што ноччу Мікалаеў быў абстраляны касетнымі боепрыпасамі з рэактыўнай сістэмы залпавага агню, а раніцай з дальнабойнай артылерыі «Піён».
Паводле старшыні аблсавету Ганны Замазеевай на раніцу 5 жніўня ў мікалаеўскіх больніцах перабывалі з раненнямі 290 грамадзян. Яшчэ 47 чалавек атрымліваюць дапамогу амбулаторна, – пішуць «Николаевские новости».
Паводле выдання ў Мікалаеўскай вобласці за суткі разбураны 66 грамадзянскіх аб’ектаў. Усяго ж па стане на 5 жніўня ад пачатку расійскага ўварвання Расіі ва Ўкраіну ў вобласці пашкоджаны часткова або цалкам 8832 абʼектаў інфраструктуры. Найбольш пацярпеў жылы фонд. Знішчана 317 навучальных устаноў.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
Фотаздымкі ілюстрацыйныя, узятыя з адкрытых у інтэрнэце інфармацыйных крыніцаў