Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Адам Саўко

Этапаваны ў следчы ізалятар Віцебску.

Суд Фрунзенскага раёну Мінска 1 ліпеня пакараў 19-гадовага хлопца на 5 гадоў калоніі за «ўдзел у масавых беспарадках».

Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем.

Андрэй Мацонка

Затрыманы.

Праваабаронцы, спасылаючыся на праўладныя тэлеграм-каналы, паведамляюць, што яму інкрымінаваныя «абраза Лукашэнкі» і «незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных».

Аляксандр Захарэвіч

Адбыў няволю.

Паводле праваабаронцаў, Захарэвіча затрымалі 1 лістапада 2020 года на акцыі пратэсту і асудзілі спачатку на 9 дзён адміністрацыйнага арышту. Па іх адбыванні, яго звінавацілі ў «гвалце над супрацоўнікам органа ўнутраных спраў». Захарэвіч, нібы, наступіў на нагу міліцыянту падчас уцёкаў.

Сваёй віны ў судзе не прызнаў, але быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі. 

Праваабаронцы абвясцілі яго палітзняволеным.