Семаглутыд – прэпарат для зніжэння вагі і барацьбы з дыябетам – дэманструе выдатныя вынікі па паляпшэнні сардэчна-сасудзістай сістэмы, заяўляюць даследчыкі.
Семаглутыд уваходзіць у склад такіх лекаў, як Wegovy і Ozempic. Гэта ін’екцыі, якія прызначаюцца для зніжэння вагі – штотыднёвы прыём гэтых прэпаратаў паказвае фенаменальныя вынікі і гэта ўжо выклікала фурор у сучаснай фармакалогіі. Першапачаткова семаглутыд быў дазволены ў 2017 годзе ў якасці прэпарата для лячэння пацыентаў з цукровым дыябетам 2-га тыпу. З часам лекары заўважылі, што адным з “пабочных эфектаў” прэпарата, з’яўляецца памяншэнне апетыту і зніжэнне вагі ў пацыентаў, пагэтаму яго сталі прызначаць людзям, якія пакутуюць на атлусценне.
Даследаванні, праведзеныя ва Універсітэцкім каледжы ў Лондане паказалі на яшчэ адзін нечаканы пабочны эфект ад прыёму гэтых прэпаратаў. Як выявілася падчас выпрабаванняў, семаглутыд спрыяе сардэчна-сасудзістай сістэме, незалежна ад пачатковай вагі пацыента, альбо колькасці вагі, якую ён страціў падчас тэрапіі.
У даследаванні прынялі ўдзел 17 604 чалавек з 41 краіны ва ўзросце 45 гадоў і старэй, з індэксам масы цела больш за 27. Таксама ўдзельнікі эксперымента раней перанеслі такія сардэчна-сасудзістыя хваробы, як сардэчны прыступ ці іншыя. Ім прызначалі штотыднёвую дозу семаглутыду ў 2,5 мг або плацэба ў сярэднім на працягу 40 месяцаў. З 8803 пацыентаў у групе семаглутыду ў 569 (6,5%) назіраліся першасныя сардэчна-сасудзістыя захворванні, такія як сардэчны прыступ, у той час як з 8801 пацыента ў групе плацеба колькасць хворых склала 701 чалавек (8%).
Таксама было выяўлена, што ўдзельнікі, якія прымалі лекі Wegovy і Ozempic, мелі на 20% меншую рызыку сардэчнага прыступу, інсульту або смерці з-за сардэчна-сасудзістых захворванняў – паведамляе The Guardian. Даследчыкі заявілі, што семаглутыд можа стаць новым прарывам у медыцыне пасля статынаў – прэпаратаў, прызначаных для паніжэння ўзроўню халестырыну.
Іншае даследаванне, заснаванае на тым жа клінічным выпрабаванні, паказала, што ўдзельнікі, якім прызначалі семаглутыд, страцілі ў сярэднім 10,2% масы цэла і 7,7 см ад таліі за чатырохгадовы перыяд, у той час як група плацеба страціла 1,5% масы цэла і 1,3 сантыметры ад памеру таліі.
Адначасова навукоўцы заявілі, што іншы лекавы сродак – Retatrutide – дэманструе яшчэ лепшыя вынікі ў зніжэнні масы цела чалавека. Выпрабаванне 338 удзельнікаў, якія жывуць з атлусценнем, паказала, што ўдзельнікі страцілі 24% сваёй масы цела за 48-тыднёвы перыяд. Даследчыкі кажуць, што Retatrutide больш эфектыўны для пахудання, чым Ozempic або Wegovy, якія дзейнічаюць толькі на падаўленне апетыту.
Прафесар Навід Сатар з Універсітэта Глазга, які працаваў над выпрабаваннямі іншых метадаў лячэння пахудання, заявіў:
– Пяць ці 10 гадоў таму мы ніколі не маглі ўявіць лекі, якія выклікалі б такую страту вагі. Эксперымент сведчыць аб тым, што Retatrutide яшчэ не дасягнуў плато, таму, верагодна, будзе назірацца большая страта вагі. Калі мы будзем даваць гэты прэпарат яшчэ даўжэй, я думаю, што ён можа дасягнуць амаль 30% ад масы цела чалавека.
Фота: Фота: Joel Saget/AFP/Getty Images