Ва Ўкраіне Дзень вышыванкі. А што ў Беларусі? Згадайма

Ва Ўкраіне «Дзень вышыванкі» адзначаюць ад 2006 году. Студэнтка Чарнавіцкага нацыянальнага ўніверсітэту тады прапанавала аднагрупнікам прыйсці на заняткі ў вышываных кашульках. Ініцыятыву падтрымалі студэнты і выкладчыкі. Праз колькі год традыцыя шанавання нацыянальнага арнаменту на вопратцы распаўсюдзілася на ўсю Ўкраіну. Дзень вышыванкі адзначаецца ў трэці тыдзень мая. Сёлета ён прыпаў на дзевятнаццатае.

У Беларусі акцыі з такой назвай з 2014 году ладзіла арганізацыя, якая вымушана была пасля 10 гадоў дзейнасці спыніць яе. Ейныя «Дні вышыванкі» праходзілі незалежна ад дзяржавы і без усялякай яе падтрымкі.


Уладзімер Макей у 2019-ым: «Кожны з нас павінен узяць на сябе абавязанні хадзіць часцей у вышыванцы і гаварыць на роднай беларускай мове».


Дзяржава пераняла ініцыятыву ў 2016-ым. БРСМ стаў праводзіць свае «Дні вышыванкі» дзеля папулярызацыі нацыянальных традыцыяў, пашырэння культурнага асяроддзя і духоўнай свядомасці беларусаў, а таксама садзейнічання развіццю ды рэалізацыі грамадска-значных ініцыятываў.

Вышыванку прапагандаваў і Міністр замежных спраў Уладзімер Макей. На адной з імпрэзаў ён казаў, «кожны з нас павінен узяць на сябе абавязанні хадзіць часцей у вышыванцы і гаварыць на роднай беларускай мове».

Пра Дзень вышыванкі згадваюць звычайна перад афіцыйным Днём незалежнасці.

 

Магілёўскія чыноўнікі таксама хадзілі ў вышыванках

2 ліпеня 2016 году ў вышываных сарочках свята нацыянальных культур наведалі супрацоўнікі Магілёўскага гарвыканкаму. У вышыванцы аглядаў нацыянальныя падворкі і старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Уладзімер Цумараў.

Журналістам ён тады тлумачыў, што Дзень Рэспублікі і Дзень гораду для яго родныя святы, таму на Ленінскую, дзе прадстаўленыя культуры нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Магілёве, прыходзіць апранутым у сарочку, вышытую нацыянальнымі элементамі.

Па словах чыноўніка ягоныя бабулі вышывалі ўручную ручнікі ды адзежу, таму яму з дзяцінства вышыванкі знаёмыя і іх яму прыемна надзяваць.

Праз год Уладзімер Цумараў на свята нацыянальных дыяспараў прыйшоў не ў беларускай вышыванцы. На ім быў дзелавы строй у бел-чырвона-белай гаме.

Сёлета пакуль не чуваць пра шырокае адзначэння «Дня вышыванкі»

фота ўзятыя з адкрытых крыніц у інтэрнэце