Слесар ААТ «МушынаАгра» здзейсніў крадзеж 20 л малака з малочнатаварнага комплексу аг. Мушына Мсціслаўскага раёна. Мужчына прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 74 рублі – паведамляе «Святло Кастрычніка».
З лютага па красавік бягучага года сем магілёўцаў выкралі з прадпрыемства не менш як тону дызпаліва на агульную суму каля 2 000 рублёў – паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога УУС.
У шасці працаўнікоў мелася некалькі паліўна-заправачных картак арганізацыі, прызначаных для транспартных сродкаў прадпрыемства. Мужчыны карысталіся імі, запраўляючы асабістыя аўтамабілі і перадаючы карты адзін аднаму, а таксама свайму прыяцелю – сёмаму фігуранту.
Яны таксама злівалі паліва ў каністры і перапрадавалі іншым людзям. Узбуджана крымінальная справа.
У Чавускім раёне праваахоўнікі знайшлі ў прыватным мікрааўтобусе 1 960 кілаграм крадзенага насеннага аўса – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
Праваахоўнікі ноччу вырашылі праверыць мікрааўтобус, які выклікаў падазрэнні: стаяў на ўзбочыне дарогі непадалёк ад складоў мясцовага сельгаспрадпрыемства у в. Кузьмінічы.
У ім знайшлі больш за 50 мяшкоў насеннага аўса, які скраў 41-гадовы жыхар Дрыбінскага раёна з неахоўваемых складоў сельскагаспадарчага прадпрыемства.
Мужчына падабраў ключы, пракраўся на склад і вынес мяшкі са збожжам з мэтай продажу фермеру ў Дрыбінскім раёне.
Скрадзены авёс вагой 1960 кілаграм на агульную суму 1744 рублі канфіскаваны.