Стала вядома імя аднаго з катаў паэта Міхася Чарота – гэта ўраджэнец Бабруйска

Упершыню дакументальна пацверджана, хто вёў справу супраць аднаго з самых таленавітых беларускіх паэтаў – Міхася Чарота, расстралянага ў 1937 годзе. У адным з дакументаў у варшаўскім Архіве новых актаў знайшлося сведчанне, што гэта ўраджэнец Бабруйска Віктар Эмануілавіч Быхоўскі.  

Міхася Чарота, аднаго з яркіх прадстаўнікоў беларускага літаратурнага адраджэння, арыштавалі 24 студзеня 1937 года. Пасля шматлікіх допытаў і катаванняў ён прызнаў сваю “віну”. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года паэт быў расстраляны разам з іншымі дзеячамі беларускай культуры.

Што ж датычыцца ураджэнца Бабруйска Віктара Эмануілавіча Быхоўскага (на здымку справа), то ён – адна з самых злавесных постацяў, што стаяць за жорсткімі рэпрэсіямі супраць беларускай інтэлігенцыі падчас Вялікага тэрору ў 1937–1938 гадах. 

Тады Быхоўскі узначальваў сакрэтна-палітычны аддзел НКУС БССР, які займаўся пераследам беларускіх нацыянальных дзеячоў.

Менавіта Быхоўскі “вёў справу на беларускага паэта Чарота і атрымаў паказанні як на “ворагаў народа” і былых беларускіх нацыяналістаў, удзельнікаў антысавецкай змовы”. Пра гэта сведчаць дакументы з Архіва новых актаў у Варшаве, знойдзеныя даследчыкамі Беларускага інстытута публічнай гісторыі.

Адзін з калегаў ахарактарызаваў Быхоўскага “як садыста, здольнага сфабрыкаваць любую справу”. Яго метады ўключалі катаванні, фальсіфікацыю паказанняў і поўную адсутнасць маральных межаў.

У 1939 годзе і сам Быхоўскі трапіў пад махавік рэпрэсій. За катаванні і фальсіфікацыі яго асудзілі на 10 гадоў лагераў. Але ўжо у 1946 годзе ён  быў вызвалены з месцаў пазбаўлення волі «за добрую працу».

Потым працаваў начальнікам нагляднай службы ў Куйбышаўскай вобласці. У студзені 1951 года быў звольнены з МУС па ўласным жаданні. 

Міхась Чарот развітаўся з намі радкамі свайго апошняга верша, які пазней знайшлі на муры камеры паэта: “Мяне заціснулі за краты. Я прысягаю вам, сябры, Мае палі, Мае бары – Кажу вам – я не вінаваты! “

Фота тэлеграм-канала Беларускага інстытута публічнай гісторыі.