Разбой у Воршы. Мужчына абрабаваў пошту, забіў супрацоўніцу і падпаліў памяшканне

Рабаўніком і забойцам аказаўся 71-гадовы жыхар Воршы. Устаноўлена, што ён неаднаразова судзімы за крадзяжы, хуліганства, разбой і забойства. Яго затрымалі з ужываннем зброі і ён з агнястрэльнымі раненнямі шпіталізаваны.

Забойства з асаблівай жорсткасцю было ўчыненае 26 жніўня ў адным з паштовых аддзяленняў Воршы. Невядомы наведаўся туды, калі не было наведнікаў.

Па словах начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму Андрэя Любімава мужчына забіў супрацоўніцу, скраў больш за 3 тысячы рублёў і, каб утоіць злачынства, падпаліў памяшканне.

Нарад міліцыі, які прыехаў на пошту па спрацоўванні сігналізацыі, адшукаў у задымленым памяшканні труп жанчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці.

«У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў зламыснік быў устаноўлены. Ім аказаўся неаднаразова судзімы за крадзяжы, хуліганства, разбой і забойства жыхар Воршы. Пры затрыманні ён паспрабаваў уцеклы, супрацоўнікі міліцыі ўжылі зброю. З агнястрэльнымі раненнямі мужчына шпіталізаваны», – адзначае ў тэлеграм-канале «МВД Беларуси» Андрэй Любімаў.

Цяпер следчыя занятыя высвятленнем абставінаў здарэння. Аператыўна-вышуковымі мерапрыемствамі ў Воршы кіраваў асабіста міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

 

Ізноў спёка. Рэкордаў не будзе, але не забывайма на ваду

У Магілёве 23 жніўня сіноптыкі прагназуюць да 32 °C.

У 2015-ым тэмпература паветра сягнула 32,9 °C і быў пабіты рэкорд 1992 году – +31,7 °C

Цягам сённяшняга дня сіноптыкі з Белгідрамету абяцаюць пераменную воблачнасць. Без ападкаў. Тэмпература паветра +30…+32°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 5-10 м/с.

Па большай частцы краіны Белгідрамет прагназуе максімальную тэмпературу паветра ў межах +30…+33°С.

У сталіцы чакаецца да 31 °С, у суседніх Віцебску – да 30, у Гомелі, як і ў Магілёве – 32.

Рэальныя даходы на Магілёўшчыне ўпалі на 4,5% – найгоршы паказчык па краіне

У параўнанні са студзенем-чэрвенем 2021 года даходы жыхароў Магілёўскай вобласці ўпалі на 4,5 працэнты – гэта найгоршы паказчык сярод рэгіёнаў Беларусі. У Віцебскай вобласці падзенне склала 3,9%, у Мінскай – 3,1, а ў Гомельскай – 2,1.

Пра тое сведчыць афіцыйная статыстыка аб узроўні рэальных грашовых даходаў беларусаў у першай палавіне 2022 году, апублікаваная Белстатам.

 


Рэальныя даходы – гэта сродкі, якія застаюцца ў работніка па сплаце ўсіх падаткаў і збораў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэн.


Адначасна, у Магілёўскай вобласці самая нізкая сярэдняя зарплата на чэрвень 2022 года. Яна складае 1 327 рублёў у параўнанні з 1 626-цю рублямі ў цэлым па краіне, канстатуюць звесткі Белстата.

Другі радок знізу займае Віцебшчына з 1 376 рублямі. Найбольшы заробак маюць работнікі Мінску. Яны маюць у сярэднім – 2 264 рублі.

Агульная структура даходаў насельніцтва Магілёўшчыны характарызуецца гэтак:

– Аплата працы займае 60,9% ад усіх відаў даходаў (па краіне – 65%).

– Даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, – 8,3% (па Беларусі – 8,1).

– Трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя выплаты) – 27,6% пры 22,1 працэнтах па краіне.

– Даходы ад уласнасці і іншыя даходы – 3,2 працэнта, тады як у сярэднім па Беларусі – 4,8%.