Сусветны дзень кантрацэпцыі (World Contraception Day, з 2006 года). Праводзіцца пад дэвізам: «Кантрацэпцыя: ваша жыццё, ваша адказнасць».
Гэты дзень павінен прыцягнуць увагу ўладаў і грамадскасці да праблем, якія ўзнікаюць з прычыны недастатковага палавога выхавання і грэбавання сродкамі кантрацэпцыі.
Еўрапейскі дзень моў (з 2001 года, абвешчаны Саветам Еўропы падчас Еўрапейскага года моў).
Паняцце еўрапейскія мовы больш шырокае, гэта не толькі афіцыйныя мовы краін-членаў Еўрасаюза. Асноўная мэта дня — заахвочванне да вывучэння і засваення розных моў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцця чалавека.
Асабліва падкрэсліваецца неабходнасць вывучэння некалькіх замежных моў, а не толькі англійскай, якая абсалютна дамінуе, засмечваючы шматлікія мовы непатрэбнымі запазычаннямі.
1629 год. У Альтмарку (Польшча) падпісана перамір’е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй.
Скончылася вайна 1600-1629 гадоў.
Яна распачалася пасля таго, як польскі і шведскі кароль Жыгімонт III Ваза ў 1600 годзе ўключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай.
Рэч Паспалітая страціла ўсе балтыйскія парты, акрамя Караляўца, Гданьска і Пуцка, усю Ліфляндыю да Заходняй Дзвіны.
1655 год. Пад час руска-польскай вайны 1654—1667 года, рускія захопнікі на чале з Ф. Валконскім разрабавалі і спалілі Пінск.
Багаты горад прыйшоў у заняпад.
1905 год. У в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Іван Ветраў.
Беларускі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі.
Заслужаны юрыст, Заслужаны работнік культуры.
Працаваў на партыйнай і савецкай рабоце ў розных месцах, у тым ліку ў Мсціслаўскім, Чэрыкаўскім раёнах, у Магілёве.
Пракурор, міністр юстыцыі БССР.
1910 год. Нарадзіўся Уладзімір Агіевіч.
Беларускі літаратуразнаўца, паэт, перакладчык.
Выхаванец Магілёўскага педінстытута (1937).
Аўтар вершаў, даследчык творчасці Я. Купалы і Я. Коласа, пасляваеннай беларускай паэзіі, кніг для чытання для школ рабочай і сельскай моладзі.
1925 год. Нарадзіўся Навум Кіслік.
Беларускі пісьменнік і перакладчык.
Аўтар шэрагу кніг паэзіі. Кнігі выбранай паэзіі выйшлі ў 1975 і 1985 гадах.
Сваімі перакладамі пазнаёміў рускамоўную аўдыторыю з творамі І. Мележа, У. Караткевіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, Р. Барадуліна, М. Танка і шматлікіх іншых.
1964 год. Памёр Сендэр Палеес.
Беларускі мастацтвазнаўца, гісторык і публіцыст. Супрацоўнік Інстытута беларускай культуры.
Актыўны дзеяч беларускіх габрэйскіх арганізацый, яўрэйскага гісторыка-этнаграфічнага таварыства, даследчык яўрэйскай культуры.
Арганізатар яўрэйскага аддзела народнага побыту пры Беларускім дзяржаўным музеі ў Мінску. Склаў апісанне яўрэйскіх культурна-гістарычных помнікаў у Беларусі.
1964 год. На беразе возера Нарач утвораны санаторна-курортны пасёлак Нарач.
Адзіны ў краіне з такім статусам, мае 3,5 тысячы жыхароў.
Заснаваны з вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі.
У бліжэйшай в. Нарач, якая вядома з ХV стагоддзя як Кабыльнік, праводзілася па пяць гадавых кірмашоў.
Ужо ў 1920-я гады тут працавалі гатэлі, турбазы, яхт-клубы, кінатэатр, тэатральная сцэна.
Нарач добрым словам ўспамінаюць французы: наступ у гэтым раёне на кайзераўскія войскі ў сакавіку 1916 года выратаваў Парыж ад захопу немцамі.
1973 год. Памёр Тарас Сайка.
Пастар баптыстаў у Канадзе.
Удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагодзя ў Паўночнай Амерыцы. Мецэнат.
Адзін з арганізатараў і каардынатараў Беларускага біблейскага камітэта па справе перакладу Бібліі на беларускую мову.
1977 год. У СССР, на мяжы УССР і БССР, запушчаны першы энергаблок Чарнобыльскай АЭС імя У. Леніна.
Электрастанцыя стала сусветнавядомай па найбуйнейшай тэхнагеннай аварыі ў гісторыі чалавецтва, што адбылася 26 красавіка 1986 года.
У выніку аварыі радыёнуклідамі было забруджана 23% тэрыторыі Беларусі з 2,2 млн жыхароў.
2019 год. Самае вялікае курынае яйка знесена ў Беларусі на птушкафабрыцы агракамбіната “Прыдняпроўскі” Магілёўскага раёна.
Вага гіганта – больш за 182 грамы.
Папярэдні беларускі рэкорд быў устаноўлены ў Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе (160 грамаў).
У Кнізе рэкордаў Гінэса да гэтага самым вялікім лічылася яйка ад курыцы з Зестафонскага раёна Грузіі – 170 грам.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў