30 жніўня ў дзве гадзіны ночы ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў в. Радня Клімавіцкага раёна знікла непаўналетняя дзяўчынка: у міліцыю звярнуўся бацька дзіцяці.
Устаноўлена, што вечарам 29 жніўня зніклая дзяўчынка пайшла з дому гуляць на вуліцу і не вярнулася. На момант пачатку пошукавых мерапрыемстваў яе бацькі былі ў стане алкагольнага ап’янення.
Для правядзення пошукаў былі задзейнічаны 19 чалавек і 9 адзінак тэхнікі. Ратавальнікі, міліцыянеры і мясцовыя жыхары праводзілі падворавы абход дамоў сваякоў і сяброў дзяўчынкі, абследавалі прылеглыя да вёскі тэрыторыі, дарогі і вадаёмы.
Пошукі скончыліся на р. Лабжанка: работнікі МНС у вадзе знайшлі і дасталі з вады цела дзіцяці без прыкмет жыцця – гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Фота: МНС