Сусветны дзень камплімента (World Compliment Day).
Няма дакладных звестак аб тым, кім і калі заснавана гэта свята, але галоўнае вядома, што гэта было спантаннае жаданне простых людзей зрабіць адзін з дзён у годзе больш яркім, цёплым, запамінальным і збліжальным.
Французскае “compliment” – асаблівая форма пахвалы, выказванне адабрэння, прызнання, ветлівыя, прыемныя словы. Пры дапамозе кампліменту можна лёгка паказаць канкрэтнаму чалавеку сваю павагу, выказаць захапленне, прадэманстраваць сімпатыю.
Камплімент – просты, але магутны сродак, які дапамагае ўсталёўваць добрыя адносіны з іншымі людзьмі. Камлімент, які своечасова прагучаў, можа разрадзіць абстаноўку, пераламаць напружаную сітуацыю і нават паўплываць на асабістае жыццё і кар’еру. Нядзіўна, што мастацтва рабіць кампліменты даўно ўжо стала неад’емнай часткай бізнэс-культуры.
Найважнейшая ўмова эфектнага кампліменту – гэта шчырасць.
Цікавы эксперымент праводзілі японскія генетыкі. Двум галінкам сакуры цэлы тыдзень казалі: адной, што яна – “гадасць, пачвара”, а другой: “прыгажуня, разумніца!” Да канца эксперыменту першая зачахла, а другая зацвіла пышным колерам.
Гэтае свята лішні раз нагадвае нам аб вялікай сіле слова, якое сказана шчыра і ад чыстага сэрца!
Цікавыя факты.
41% жанчын лічаць, што камплімент гэта найлепшы падарунак, што здольны надоўга ўзняць настрой.
Для мозгу атрыманне кампліменту – такая ж грамадская ўзнагарода, як узнагароджанне грашыма.
Сусветны дзень грамадзянскай абароны ( World Civil Defense Day, з 1990 года).
Заснаваны па рашэнні Генеральнай асамблеі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны (МАГА) ў мэтах прыцягнення грамадскай увагі да важных задач, якія выконваюцца нацыянальнымі службамі грамадзянскай абароны і абароны – выратавання жыцця і навакольнага асяроддзя.
Датай свята выбраны дзень уступлення ў сілу ў 1972 годзе статута Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны.
Сярод напрамкаў дзейнасці МАГА: падрыхтоўка нацыянальных кадраў у галіне кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый; аказанне тэхнічнай дапамогі дзяржавам у стварэнні і ўдасканаленні сістэм папярэджання надзвычайных сітуацый і абароны насельніцтва; прапаганда досведу і ведаў па грамадзянскай абароне і пытаннях кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый.
Дзень «Нуль дыскрымінацыі» (Zero Discrimination Day, з 2014 года)
У гэты дзень святкуецца індывідуальнасць і непаўторнасць кожнага. Дзень «Нуль дыскрымінацыі» – гэта магчымасць аб’яднацца супраць дыскрымінацыі і адзначыць права кожнага жыць з годнасцю паўнавартасным і прадуктыўным жыццём. Пол, нацыянальнасць, узрост, асаблівыя патрэбы, паходжанне, рэлігія, мова, колер скуры або любая іншая прыкмета не павінна быць прычынай для дыскрымінацыі.
Сімвалам нулявой дыскрымінацыі з’яўляецца малюнак матыля як знака пераўтварэнняў.
5509 год да нашай эры. Пачатак старажытнай эры ад “стварэння свету” па ўльтрасакавіцкім стылі.
Ультрасакавіцкі стыль – гэта гістарычны каляндарны стыль, які ўжываўся ў даўніну разам з вераснёўскім і сучасным студзеньскім. Пачатак года тут прыпадаў на 1 сакавіка. Выкарыстоўваўся ў старажытных беларускіх княствах, Маскоўскай дзяржаве і Венецыянскай рэспубліцы, у Паўночнай Італіі і Англіі.
Стыль ужываўся з летазлічэннем «ад стварэння свету» (Канстанцінопальская эра), а таксама і «ад Раства Хрыстовага». У ўсходнеславянскіх народаў існаваў да 1492, у гарадах Паўночнай Італіі і Англіі да 1752 года.
Пачатак года 1 сакавіка паходзіць са старажытнарымскага рэспубліканскага календара Нумы Пампілія. Паколькі год пачынаўся з сакавіка, нумары месяцаў з верасня (“сёмы”) па снежань (“дзесяты”) адпавядалі іх назвам. Толькі пасля рэформы Юлія Цэзара яны зрушыліся на дзве пазіцыі, бо год пачаў пачынацца са студзеньскіх календ (1 студзеня).
З 1492 (7000–7001) года пераважным стаў вераснёўскі год.
Сёння 1 сакавіка 2023 года адпавядае “ультрасакавіцкаму” 16 лютага 7531 года.
1555 год. У Ліёне апублікавана кніга прароцтваў Настрадамуса.
Мішэль дэ Нотрдам апублікаваў свае першыя прадказанні ў кнізе пад назвай “Прароцтвы Мішэля Настрадамуса” у форме рыфмаваных чатырохрадкоўяў (катрэны), якія былі згрупаваны ў цэнтурыі (сотні ці стагоддзі). Акрамя гэтага ўсе свае прадказанні Настрадамус старанна зашыфраваў і запісаў на міксе чатырох моў – лацінскай, старафранцузскай, італьянскай і грэцкай.
У кнізе практычна не ўказвалася ніякіх дат, часовая паслядоўнасць не выконвалася, ды і самі катрэны былі пераблытаныя. І, тым не менш, даследнікамі творчасці Настрадамуса прыкмячаецца даволі шмат цікавых і дакладных гістарычных супадзенняў.
Настрадамус звяртаўся пры складанні прадказанняў да планетарных схем, якія, паводле некаторых меркаванняў, лічаць, што нябесныя целы аказваюць уплывы на справы людзей. З пункта гледжання сучаснай навукі дадзенае сцвярджэнне малаверагодна.
Вялікая частка крытыкаў сыходзіцца ў меркаванні, што працы Настрадамуса ўяўляюць сабой толькі асабістыя здагадкі і інтуітыўныя прагнозы.
Некаторыя з прадказанняў Настрадамуса.
2016. Еўропа амаль бязлюдная.
2018. Новай сусветнай дзяржавай становіцца Кітай. Краіны, якія развіваюцца, ператвараюцца з эксплуатуемых у эксплуататараў.
2028. Стварэнне новай крыніцы энергіі. Голад паступова пераадольваецца. Стартуе пілатуемы касмічны карабель да Венеры.
2046. Вырошчваюцца любыя органы. Замена органаў становіцца адным з найлепшых метадаў лячэння.
2066. Падчас нападу на мусульманскі Рым ЗША ўжываюць новы від зброі – кліматычны. Рэзкае пахаладанне.
2480. Сутыкнуцца два штучныя Сонцы. Зямля ў прыцемках.
1581 год. У Вільні створаны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.
Вышэйшы апеляцыйны суд, пастановы якога мелі сілу пастановаў сойма, пачаў працу ў 1582 годзе. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках са шляхты па два ад кожнага павету тэрмінам на адзін год (з 1588 яшчэ выбіраліся тры дэпутаты ад зямлі Жамойцкай).
Трыбунал разглядаў апеляцыі на рашэні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэні павятовай адміністрацыі. Да юрысдыкцыі трыбуналу адносіліся таксама справы духоўных асоб; пры разглядзе такіх спраў удзельнічалі дэпутаты ад духавенства.
Сесіі трыбуналу праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статутаў ВКЛ, соймавых канстытуцыяў і звычаёвага права. Сесіі трыбуналу праходзілі ў Вільні, Менску, Наваградку, Троках, Гродна.
1881 год. Ігнат Грынявіцкі бомбай смяротна параніў рускага цара Аляксандра II. І сам атрымаў смяротнае раненне.
Рэвалюцыянер-царазабойца нарадзіўся ў 1856 годзе ў фальварку Басін (цяпер у складзе в. Калінаўка Клічаўскага раёна) у сям’і каталіцкага шляхціца.
Студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута ўдзельнічаў у польска-беларускіх і расійскіх рэвалюцыйных гуртках, быў членам партыі «Народная воля», сузаснавальнікам яе беларускай фракцыі.
У. Караткевіч прысвяціў Грынявіцкаму верш «Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.)». У 1975-1998 гадах яго імя насіў мост у Санкт-Пецярбургу (цяпер Нова-Канюшанны мост).
1917 год. Нарадзіўся Фёдар Шмакаў.
Беларускі акцёр, рэжысёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Ганаровы грамадзянін Віцебска.
Пасля заканчэння Ленініградскага тэатральнага інстытута, з 1939 года працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве, з 1941 года, больш за 60 год, працаваў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа.
На яго творчым рахунку каля 200 роляў у тэатры і каля 30 роляў у кіно.
Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, прэміяй «За духоўнае адраджэнне», прызам «Крыштальная Паўлінка».
Самыя запамінальныя яго ролі ў тэатральных пастаноўках – «Несцерка», «Пяюць жаваранкі», «Сэрца на далоні», «Кастусь Каліноўскі», «А досвіткі тут ціхія…», «Гамлет», «Сямнаццаць імгненняў вясны». Сярод фільмаў трэба выдзеліць «Узнятая цаліна», «Мора ў вагні», «Доўгія вёрсты вайны», «Час выбраў нас», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы», «Плач перапёлкі».
Памёр 2 мая 2009 года.
1933 год. Памёр у ссылцы Уладзімір Жылка (1900-1933).
Беларускі паэт, перакладчык, крытык.
Працаваў у мінскай 21-й беларускай пачатковай школе, аграномам, наведваў клуб «Беларуская хатка», супрацоўнічаў з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам.
З 1920 года вёў падпольную, культурна-асветніцкую дзейнасць у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Працаваў у віленскай беларускай кнігарні, апекаваў тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў з газетамі «Наша будучыня» і «Новае жыццё», рэдагаваў пражскі часопіс «Прамень».
У 1926 годзе пасля ўдзелу ў мінскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, застаўся ў БССР. Працаваў у Інбелкульце, газетах «Беларуская вёска», «Звязда», у Мінскім музычным тэхнікуме, на Белдзяржкіно. Член аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».
Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў вершаў, многіх артыкулаў, у тым ліку, «У справе ацэнкі беларускага адраджэння», артыкулаў пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзій на творы сучаснікаў, гісторыка-філасофскага эцюда «Беларусь-Крыўя», перакладаў еўрапейскіх паэтаў.
У 1930 года арыштаваны ДПУ, у 1931 прыгавораны да 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці.
Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках.
1936 год. Нарадзілася Лідзія Савік.
Беларускі літаратуразнавец, крытык. Кандыдат філалагічных навук. Адна з арганізатараў і сакратар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
Працавала ў школах, у акадэмічных Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Коласа, Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсаваных і эмігранцкіх пісьменнікаў.
Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага, С. Баранавых, Б. Мікуліча і іншых, нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага.
Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць сучасных аўтараў, у тым ліку В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, У. Караткевіча, Л. Геніюш.
Аўтар, суаўтар манаграфій, кніг, у тым ліку «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў», «Сыны і пасынкі Беларусі», «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы», «Культура беларускага замежжа», «Космас беларуса: жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта».
1937 год. У Віцебску забіты Іегуда Пэн. (1854-1937).
Беларускі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч “яўрэйскага рэнесансу” ў беларускім мастацтве пачатку XX стагоддзя. Уладальнік першай у Расіі віцебскай прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897–1918).
Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі, у тым ліку В. Цадкін, Л. Лейтман, М. Шагал, С. Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.
У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка забіты ў сваёй віцебскай хаце. Існуе версія, што да забойства датычны НКУС.
У гонар мастака ў Віцебску адчынена мемарыяльная дошка.
2014 год. Памёр Леанід Левін (1936-2014).
Беларускі архітэктар, скульптар. Заслужаны архітэктар. Лаўрэат Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Акадэмік Міжнароднай і Беларускай акадэміі архітэктуры.
Працаваў у Інстытуце «Мінскпраект», кіраваў Майстэрняй па забудове цэнтра Мінска, «Творчай майстэрняй архітэктара Л. Левіна».
Член Савета Сусветнага кангрэса рускамоўнага яўрэйства, Генеральнага Савета Еўраазіяцкага яўрэйскага Савета. Старшыня Беларускага аб’яднання яўрэйскіх арганізацый і абшчын, Мінскага яўрэйскага дабрачыннага фонду «Хэсэд-Рахамім», гістарычнага таварыства «Трасцянец», Міжнароднай яўрэйскай акадэміі мастацтва.
Аўтар, суаўтар мемарыяльных комплексаў “Хатынь”, ахвярам халакоста «Яма», у п. Красны Бераг Жлобінскага раёна, «Праклён фашызму» (Докшыцкі раён),, «Прарыў» каля г.п. Ушачы і іншых, шматлікіх помнікаў, у тым ліку Я. Купале, Я. Коласу ў Мінску, К. Заслонаву, «Кацюша» ў Оршы, М. Гастэлу ў Радашковічах.
Аўтар праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска, рэгенерацыі Траецкага прадмесця, Верхняга горада, Нямігі, Ракаўскага прадмесця
Аўтар сцэнаграфіі спектакля «Палёты з Анёлам».
Аўтар кнігі «Хатынь».
2015 год. Памерла ураджэнка Магілёва Вікторыя Мазур (1946-2015).
Беларуская артыстка аперэты, лірыка-драматычнае сапрана, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Народная артыстка.
Скончыла Магілёўскае музычнае вучылішча, Беларускую кансерваторыю.
Больш за 30 гадоў служыла ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры з самага пачатку яго заснавання, першая яго прыма. Згуляла больш за 40 роляў у аперэтах, музычных камедыях, мюзіклах, выступала на шматлікіх канцэртах перад гледачамі Беларусі і замежных краін.
2021 год. Памёр Барыс Нешатаеў (1947-2021).
Расійскі, украінскі і беларускі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар. Нарадзіўся ў г. Кудымкар Пермскага края.
У 1958–1963 гадах з бацькамі жыў у Магілёве. Пасля сканчэння Пермскага ўніверсітэта, працаваў настаўнікам у школе, у Пермскім, Сумскім, Смаленскім універсітэтах. У 1995-1996 – прафесар кафедры біялогіі і хіміі, стваральнік і загадчык (1996-2002) кафедры геаграфіі і аховы прыроды Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, браў удзел у мерапрыемствах Магілёўскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, даследчык Магілёўскай вобласці, рэчышных працэсаў.
Пахаваны ў г. Сумы (Украіна).