Пачаўся доўгачаканы рамонт дарожкі, якая праз парк вядзе ад вуліцы Крупскай да школы № 40 і прыйшла ў заняпад ад няправільнай эксплуатацыі.
Шматпакутны парк унутры мікрараёна Саломенка горада Магілёва мясцовыя ўлады ніяк не могуць прывесці ў парадак, хаця мясцовыя дэпутаты абяцалі гэта перад кожнымі выбарамі пачынаючы з канца 1990-х гадоў.
Парк утварыўся ў выніку забудовы шматпавярховымі будынкамі тэрыторыі вакол хваёвых лесапасадак у канцы 1970 – 1980-х гадоў. Тады ж яшчэ савецкай вялікай пліткай ад магістральнай вуліцы Крупскай праклалі дарожку да школы нумар 40.
З таго часу дарожка з трох плітачных нітак паціху занепадала, яле якасць савецкага бетону аказалася такой трывалай, што да апошніх гадоў заставалася здавальняючай. І раптам у апошнія гады дарожка рэальна ўспучылася, стала паўкруглай, пліткі пачалі распаўзацца ў бакі.
Прычына аказалася банальнай – тэрыторыю лесапасадак некалькі гадоў таму перадалі зелянгасу. Калі раней тэрыторыю вакол яе чысцілі навучэнцы і работнікі школ, то цяпер – так званыя “зялёныя” – зелянгасаўцы. А яны пачалі прымяняць цяжкую тэхніку, якая націскаючы на крайнія пліткі зрабіла з плоскай дарожкі паўкруглую. Хадзіць па дарожцы стала непрыемна і нават небяспечна. Жыхары пачалі скардзіцца.
І вось цяпер зелянгасаўцы выпраўляюць свае ўласныя памылкі пры эксплуатацыі пешаходнай дарожцы. Кладуць яны праўда нанава тую самую савецкую плітку толькі не ў тры, а ў два рады.
Але калі і далей прымяняць цяжкую беларускую спецтэхніку, то адрамантаваная дарожка можа зноў сапсавацца. А мініатурных заходніх машын у нашых дзяржаўных камунальных прадпрыемстваў папросту няма.
Фота чытачоў mogilev.media.