Ксенія Луцкіна
Следчы камітэт паведаміў дэталі крымінальнай справы супраць былой журналісткі беларускага тэлебачання. Яе вінавацяць у змове, дзеля захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Імя зняволенай не паведамляецца.
Паводле следчых «затрыманая была адным з лідараў журналісцкай забастоўкі, у ходзе якой удзельнікі вылучалі патрабаванні палітычнага характару».
У паведамленні ведамства адзначаецца, што падчас расследавання затрыманая прызнала сваю віну, ва ўчыненым раскаялася і актыўна супрацоўнічала са следствам.
Ксенія Луцкіна прызнаная праваабарончай супольнасцю палітзняволенай. Заяўляецца, што ў яе праблемы са здароўем. У 2012 годзе ў жанчыны выдалілі адну з двух пухлін на галаўным мозгу. Іншую кранаць не сталі, каб не нашкодзіць жыццёва важным органам.
Андрэй Любецкі
КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» хірурга і яшчэ чатырох чалавек. Цяпер у ім агулам 876 чалавек, 137 з якіх – беларусы.
Уладзімер Гундар
9 дзень трымае сухую галадоўку фігурант «справы Аўтуховіча». Інвалід ІІ групы гэтак пратэстуе, як заяўляе, супраць няспынных здзекаў сілавікоў і парушэння сваіх правоў. Спыніць яе збіраецца па выхадзе з карцару, куды яго «за дрэнныя паводзіны» змясцілі 30 чэрвеня на 10 дзён. Жонка зняволенага кажа, што ён выглядае кепска, моцна схуднеў і «становіцца шэрым».
Алег Букас
Жыхар Бабруйску, палітзняволены выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін у калоніі. Ён быў асуджаны за гвалт, як заяўлялася на судзе, у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі ў жніўні 2020 года. Яму прысудзілі два гады калоніі. А, затрыманаму разам з ім, бацьку прысудзілі – чатыры.
Абвінавачаныя ў тэрарызме на чыгунцы
Пракуратура Гомельскай вобласці накіравала ў абласны суд крымінальную справу на трох жыхароў Светлагорску. Іх вінавацяць ва ўчыненні «акту тэрарызму на чыгунцы» у лютым 2022 году. Яны, нібыта, знішчылі транспартнае абсталяванне, якое кантралявала бяспеку эксплуатацыі чыгуначнага транспарту.