Дзень у гісторыі: 2 жніўня. Нарадзіўся Мікалай Радзівіл, за грошы якога выдалі першую карту беларускіх земляў. Пакутніцкая смерць паўстанца Міхаіла Валовіча. Завяршылася Патсдамская канферэнцыя, вынікам якой стала авалоданне Сталіным краін Усходняй Еўропы

1549 год. Нарадзіўся Мікалай Радзівіл Сіротка.

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, падарожнік, мемуарыст, мецэнат.

Мікалай Крыштаф удзельнічаў у некалькіх ваенных кампаніях. За ваенныя заслугі атрымаў пасаду маршалка вялікага літоўскага. 

У час складання Люблінскай уніі, як і большасць шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Сіротка адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту Аўгусту і зрабіў гэта толькі пад пагрозай канфіскацыі зямель на Падляшшы. Падтрымаў заключэнне Брэсцкай уніі, быў адным з трох каралеўскіх паслоў на саборы ў Брэсце.

Як сведчаць гістарычныя крыніцы, быў здольным дыпламатам.

З  ініцыятывы Радзівіла і за яго кошт выдадзена першая дакладная карта Вялікага Княства Літоўскага. Ён перапрацаваў свой дзённік падарожжаў і выдаў яго пад назвай «Перэгрынацыя Мікалая Крыштафа Радзівіла» Пазней кніга двойчы перавыдавалася на латыні: у 1610 і 1753 гадах.

1719 год. Памёр Караль Станіслаў Радзівіл.

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, дыпламат. Крычаўскі стараста, канцлер вялікі літоўскі.

Валодаў шматлікімі мястэчкамі, у тым ліку Бялынічамі. Ваяваў супраць татараў і туркаў.

Падтрымліваў Уніяцкую царкву, заснаваў базыльянскі манастыр у Міры, будаваў касцёлы.

1833 год. Павешаны на загад расійскіх уладаў Міхаіл Валовіч.

Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Кіраўнік сялянскага паўстання на Слонімшчыне. У студэнцкія гады быў у шэрагах падпольнай арганізацыі філарэтаў – філаматаў.

Цела Міхаіл Валовіч уначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі, каб павешаны не стаў мучанікам, а месца пахавання не стала месцам пакланення.

Валовіч крытычна ацэньваў вопыт паўстання 1830-31 гадоў, якое, на яго погляд, не мела «агульначалавечай мэты», бо адпавядала інтарэсам шляхты. На яго погляд у вызваленчай барацьбе асноўнай сілай павінны быць народныя масы, пераважна сялянства. Выступаў за адмену прыгоннага права, за права кожнага народу на самастойнае развіццё.

1945 год. Завяршылася Патсдамская канферэнцыя «Вялікай тройкі» – кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікай Брытаніі: Сталіна, Трумэна і Чэрчыля па выніках Другой Сусветнай вайны.

Канферэнцыя прызнала новыя суадносіны сіл у Еўропе.

Сталін захаваў за сабой усе заваёвы Чырвонай Арміі ва Усходняй Еўропе і Германіі. Аўтарытарныя ўрады, заснаваныя ў гэтых краінах, існавалі аж да распаду СССР. Нямеччына была падзелена, а яе сталіца Берлін апынулася ў глыбіні савецкага сектару кантролю і ўплыву.

 

1953 год. Памёр Сяргей Скандракоў.

Навуковец-аграном, журналіст, краязнавец.

Прататып Кандаковіча ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

Рэдактар-выдавец газеты «Голос Белоруссии», сузаснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук».

У 1930 годзе асуджаны за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. 

Па вызваленні заняўся навуковай і педагагічнай працаю. Рэабілітаваны судовай калегіяй у 1957 года.

Аўтар апавядання «Аграном Сэрадэля», навукова-папулярных нарысаў па аграноміі, артыкулаў па краязнаўстве. Збярог жывапісныя творы Каруся Каганца «Тып беларуса» і «Зімовы пейзаж». Быў знаёмы з Янкам Купалам і Якубам Коласам.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.