Дзень у гісторыі. 21 лістапада. Разгром рускіх войск Альгердам. Першы палёт на паветраным шары. Асвячэнне Чырвонага касцёла. Адкрыццё драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

Сусветны дзень прывітанняў (World Hello Day, з 1973 года). 

У 1973 годзе, у разгар халоднай вайны амерыканцы Браян і Майкл Маккорман са штата Небраска ў знак пратэсту супраць узмацнення міжнароднай напружанасці адправілі лісты з ветлівымі прывітаннямі ва ўсе канцы свету і папыталі адрасата проста павітаць каго небудзь яшчэ.

Яны нікому не навязвалі сваіх ідэй барацьбы за мір ва ўсім свеце. Яны толькі прасілі адрасата павітаць яшчэ каго-небудзь, яшчэ ну хаця б чалавек з дзесяць.

Гэта ідэя была падтрымана ў больш як 180 краінах. З таго часу Сусветны дзень прывітанняў адзначаюць і грамадзяне ўсіх прафесій і ўзростаў, і буйныя палітычныя лідэры, і прамысловыя магнаты, і сусветна вядомыя асобы кіно і тэлебачання.

Сусветны дзень тэлебачання (World Television Day, з 1998 года). 

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар даты правядзення першага Сусветнага тэлевізійнага форума 1996 года. 

Дзяржавам было прапанавана адзначаць гэты дзень, абменьваючыся тэлевізійнымі праграмамі, прысвечанымі такім праблемам, як мір, бяспека, эканамічнае і сацыяльнае развіццё і пашырэнне культурнага абмену.

У тэлебачання няма адзінага вынаходніка. Дзякуючы намаганням савецкіх навукоўцаў Б. Розінга, С. Катаева, А. Канстанцінава, П. Цімафеева, П. Шмакава, амерыканскіх У. Зварыкіна, Ф. Фарнсуорта, брытанскага А. Кэмпбэла-Суінтана і іншых тэлебачанне з’явілася на пачатку 1930-х гадоў.

У Еўропе масавае распаўсюджванне тэлевяшчанне атрымала толькі ў 1950-я, у астатнім свеце – на пачатку 1970-х гадоў.

Сёння ў свеце не засталося дзяржаў, якія не ахоплены тэлевяшчаннем. Да найбольш буйных тэлекампаній свету адносяцца: CBC, NBC, ABC – у ЗША; BBC, ATV – у Вялікабрытаніі; Раі – у Італіі; NHK – у Японіі і іншыя.

У 1933 годзе быў  створаны Камітэт па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры СНК БССР. У Беларусі тэлевяшчанне з Масквы пачалося ў 1939 годзе. 1 студзеня 1956 года на Беларусь пачаліся рэтрансляцыі праграм маскоўскага Цэнтральнага тэлебачання, з’явілася “Беларускае тэлебачанне”. У верасні 1991 года Дзяржтэлерадыё БССР было перайменавана ў Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

1368 год. На Увядзенне адбылася Тросненская бітва. Найбольш буйная перамога ВКЛ над Вялікім княствам Маскоўскім у XIV стагоддзі. 

Цяжкаўзброеная літоўская конніца на чале з вялікім князем Альгердам на рацэ Тросне ўшчэнт разграміла лёгкую, дрэнна ўзброеную і тактычна недасведчаную маскоўскую, абодва ваяводы – Дзмітры Мінін і Акінф Шуба – і амаль усе ратнікі былі забіты ці ўтапіліся ў рацэ. 

“Первая Литовщина” маскоўскіх летапісаў была распачата Альгердам у падтрымку саюзнага ВКЛ Вялікага княства Цвярскога. 

Раптоўнае з’яўленне Альгерда “в силе тяжце”, забяспечанае поўнай сакрэтнасцю руху войска, заспела вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя і яго саюзнікаў знянацку.  

Перамога адкрыла Альгерду шлях на Маскву, трохдзённая аблога якой была, аднак, безпаспяховай. За год да гэтага быў пабудаваны мураваны Маскоўскі крэмль. 

Альгерд хадзіў на Маскву яшчэ двойчы – у 1370 і 1372 гадах.

На фота: Помнік Альгерду ў Віцебску, planetabelarus.by

1783 год. Адбыўся першы ў гісторыі палёт чаловека на паветраным шары.

Французы Пілатр дэ Розье і маркіз д’Арланд здзейснілі палёт на паветраным шары братоў Мангольф’е (сферы, якія напаўняюцца цёплым паветрам, сталі называцца  мангальф’ерамі). 

Напоўнены гарачым паветрам шар вышынёй 22,7 м і дыяметрам 15 м падняўся з саду замка дэ ла Мюэт у заходнім прыгарадзе Парыжа. Паветраплавальнікі дасягнулі вышыні 915 м і за 25 хвілін пакрылі адлегласць 9 міль, а затым шчасліва прызямліліся ў полі каля дарогі на Фантэнбло.

Да гэтага, 27 жніўня 1783 года, француз Жак Шарль напоўніў сферу вадародам (такія шары сталі называцца шарльерамі) і запусціў яе з Марсава поля ў Парыжы, але яна была без пасажыраў.  

19 верасня 1783 года браты Мангальф’е ў Версалі адправілі ў палёт першых жывых істот: барана, пеўня і качку. Палёт заняў каля 8 хвілін, шар праляцеў 3 км. На вышыні 500 м сфера прарвалася, аднак спусцілася на зямлю настолькі плаўна, што ні адна жывёліна не пацярпела. Гэта натхніла на запуск у палёт людзей.

1790 год. Памёр Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай.

Ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі. “Пане Каханку” яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і караля.

Генеральны маршалак Радамскай і Барскай канфедэрацый. Праціўнік гарантыйнага трактату (1768), паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам.

Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, быў вымушаны з’ехаць у Прусію. Да 1777 года знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.

Найзаможны магнат Рэчы Паспалітай і Еўропы ІІ паловы XVIII стагоддзя. Яму належала 16 гарадоў і 683 вёскі. Здабыў сабе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў, з іншага боку, вядомы дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.

Доўгі час па смерці хадзілі анекдоты аб дзіўных выпадках з ягонага жыцця. Караль Радзівіл – герой паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», твораў Г. Жэвускага, В. Поля, І. Ходзькі, Ю. Крашэўскага.

wikimedia.org

1869 год. Нарадзіўся Казімір Стаброўскі. 

Беларускі жывапісец, педагог.

Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнічаў у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі.

Падарожнік па Малай Азіі (Бейрут, Палесціна, Канстанцінопаль), Еўропе, Расіі, Егіпту.

Заснавальнік і кіраўнік (1904-1909) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, аб’яднання мастакоў «Sursum Corda».

Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн, у тым ліку С. Дамброўскага, Ф. Радашэўскага, Л. Рытлінскай, В. Семяшковай і іншых.

59 яго прац захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.

Памёр 8 чэрвеня 1929 года.

1910 год. У Мінску асвечаны касцёл Святога Сымона і Святой Алены, Чырвоны касцёл. 

Каталіцкі парафіяльны касцёл у неараманскім стылі пабудаваны ў1905-1910 гадах на сродкі грамадска-палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча (1847-1928) у памяць аб яго заўчасна памерлых дзецях – Сымоне і Алене Вайніловічах. 

Касцёл знаходзіцца на плошчы Незалежнасці і з’яўляецца адным з сімвалаў Мінска. Помнік культуры і гісторыі. Пры касцёле пахаваны сам фундатар Э. Вайніловіч.

Увечары 26 жніўня 2020 года, у час адной з мірных акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў, пачаліся масавыя затрыманні. АМАП зачыніў усе дзверы ў касцёл, заблакаваўшы на 40 хвілін некалькі дзясяткаў людзей, якія там схаваліся. Дзеянні праваахоўных органаў выклікалі абурэнне ў грамадскасці. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі заявіў рашучы пратэст на дзеянні АМАПу. Яго падтрымаў біскупскі вікарый Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. 27 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў да раследвання неадэкватных і супрацьпраўных дзеянняў, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога: 

“Гэтыя і падобныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць зняццю напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве ў той час, калі Каталіцкі Касцёл заклікае да прымірэння і дыялогу з мэтаю вырашэння нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту”. 

У той жа дзень вакол касцёла жанчыны са звязанымі рукамі ўтварылі ланцуг салідарнасці. Падтрымаць жанчын выйшаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.

wikimedia.org

1921 год. Нарадзіўся Янка Юхнавец

Беларускі паэт.

У Вялікую Айчынную вайну, у пачатку акупацыі, арыштаваны СД, летам 1944 года вывезены ў Германію. Скочыў Вольны універсітэт у Мюнхене. З 1949 года жыў у ЗША.

Аўтар трох зборнікаў паэзіі, кніг выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989-1990), «Сны на чужыне» (Мінск, 1994; з серыі «Галасы беларускага замежжа» выдавецтва «Мастацкая літаратура»).

Шмат твораў Я. Юхнаўца не выдана.

Памёр 6 студзеня 2004 года ў Нью-Ёрку.

1925 год. Нарадзіўся Сямён Герус. 

Беларускі графік.

Першы выкладчык графічнага аддзялення мастацкага факультэта  Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, студэнтаў навучаў тэхнікам графічнага мастацтва – лінарыту, дрэварыту, літаграфіі, афорту і іншым, заахвочваў звяртацца да гістарычнай тэматыкі.

Сярод яго вучняў – Арлен Кашкурэвіч, Людвіг Асецкі, Рыгор Віткоўскі і іншыя.

Член  мастацкай суполкі «Пагоня».

Першым сярод беларускіх мастакоў у паваенныя гады ўзняў гістарычную тэматыку ў выяўленчым мастацтве. Аўтар цыклу графічных твораў, што прысвечаны К. Каліноўскаму і Ф. Скарыне, партрэтаў вядомы дзеячаў культуры і гісторыі, серый пейзажаў «Плошча Перамогі», «Стары Мінск», кампазіцыі «Мы – беларусы», «Янка Купала ў Вязынцы» і іншых.

Прамёр у 1998 годзе.

1926 год. У Віцебску створаны Другі Беларускі дзяржаўны тэатр. Зараз Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. 

Адзін з найстарэйшых прафесійных беларускіх тэатраў. Створаны з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Ва ўрачыстасцях з гэтай нагоды прынялі ўдзел Янка Купала, Райніс, Францішак Аляхновіч, Цішка Гартны, Кузьма Чорны. 

21 снежня 1944 года тэатру прысвоена імя Якуба Коласа. 

У 1946 годзе за спектакль «Несцерка» В. Вольскага тэатру прысуджана Сталінская прэмія. 

З 1964 года тэатр працуе ў будынку на плошчы Тысячагоддзя (да 1974 – Тэатральная).

wikimedia.org

1928 год. Нарадзілася Ганна Арашонкава. 

Беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за ўдзел у комплексе прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі, Мінскім педінстытуце.

Даследавала сучасную беларускую мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію.

Суаўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», “Беларуская граматыка”, «Слоўнік беларускай мовы», «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» і «Кароткі слоўнік беларускай мовы»,«Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі».