На Шклоўшчыне сёння і заўтра будзе гучаць сірэна, але людзей просяць не панікаваць

Па інфармацыі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у раёне ўсталявана сістэма апавяшчэння. Праверка яе спраўнасці можа выклікаць паніку, але МНС просіць захоўваць спакой. 

На тэрыторыі горада Шклова і Шклоўскага раёна ўстаноўлены электрасірэны сістэмы апавяшчэння. У мэтах падтрымання сістэмы апавяшчэння ў стане пастаяннай гатоўнасці будзе ажыццяўляцца штомесячны кантроль за яе працаздольнасцю. 

У кожны трэці чацвер ці пятніцу месяца сістэма будзе правярацца шляхам кароткатэрміновага запуску электрасірэн (да 5 секунд). Перад кожнай перадачай любой інфармацыі будзе падавацца папераджальны сігнал: “Увага Усім!”

Паколькі ў сувязі з баявымі дзеяннямі на тэрыторыі Ўкраіны гук сірэны можа выклікаць трывогу і нават паніку, начальнік Шклоўскага РАНС Максім КАШО просіць захоўваць спакой і не прадпрымаць якіх-небудзь дзеянняў пры ўключэнні электрасірэннага абсталявання на тэрыторыі раёна.

Падобныя праверкі будуць здзяйсняцца і ў іншых раёнах вобласці. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар. 

У Клімавічах тля атакавала ліпы. Дрэвы «заплакалі»

Тлю актывізавала спякотнае надвор’е. Ледзь заўважная жамяра харчуецца лістотай дрэва, перакусваючы капіляры. Паратунак для дрэваў – пахаладанне.

«Звярніце ўвагу на лісце ліпаў у нашым горадзе. Яны ўсцяж у тлі, якая бязлітасна грызе лісцейка, разбураючы капіляры. Вось і пакутуюць нябогі дрэвы, і плачуць», – б’е трывогу мясцовая раёнка «Родная ніва».

stroy-podskazka.ru

Як сцвярджаюць спецыялісты, спякотнае надвор’е стварае спрыяльныя ўмовы для масавага размнажэння шкоднікаў. Да ліпкай вадкасці, якае капае з дрэва, часта дадаюцца павуцінкі, утвораныя ў выніку лінькі тлі.

Ліпкія выдзяленні жыццядзейнасці жамяры для ліпы бяспечныя. Аднак, тля сілкуецца клеткавым сокам лісця, што адмоўна адбіваецца на стане дрэва. Яно слабне і можа загінуць.

Ліпа – неабходнае дрэва для гарадскога асяроддзя. Яно добра расце, выдатна адаптуецца да забруджвання атмасферы аўтатранспартам і прамысловымі прадпрыемствамі. Ліпа назапашвае ў лістоце вялікую колькасць цяжкіх металаў, што істотна аптымізуе стан навакольнага асяроддзя.

Пра важнасць ліпы для гораду і яе адметнасць у свеце раслін пісаў Магілёў.media ў адной са сваіх публікацыяў. 

Ліпа – найулюблёнае дрэва беларуса. Яе высаджваюць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня водар ад гэтага дрэва насычае паветра.

Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы. Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.