Міжнародны дзень ААН (з 1948 года) устаноўлены ў гонар уступлення ў сілу Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945 годзе. Беларусь – краіна-заснавальніца ААН.
ААН афіцыйна існуе з 24 кастрычніка 1945 года. ААН з’яўляецца цэнтрам вырашэння праблем, з якімі сутыкаецца ўсё чалавецтва. Гэта дзейнасць ажыццяўляецца сумеснымі намаганнямі больш за 30 звязаных з ёй арганізацый, якія складаюць сістэму ААН.
Колькасць дзяржаў-членаў ААН складае 193 краіны.
tunnel.ru
1743 год. Нарадзіўся Рафал Чарвякоўскі. Беларускі хірург-навуковец.
Доктар медыцыны. Аўтар 12 тамоў прац па хірургіі, вынаходнік хірургічных прыладаў і спосабаў умяшання.
Меў лекарскую практыку ў шпіталях сталіц 6 дзяржаў Еўропы.
Прафесар медыцыны Галоўнай кароннай школы ў Кракаве, заснавальнік кафедры анатоміі, хірургіі і акушэрства, анатамічнага тэатра. Прыдворны лекар караля Станіслава Панятоўскага, галоўны лекар лазарэту падчас паўстання Касцюшкі.
Зрабіў першае ў Кракаве ўскрыццё нябожчыка і праводзіў сшыванне ранаў жывата і кішак, трэпанацыю чэрапа і трахеатамію.
Падрыхтаваў звыш 200 вучняў.
1795 год. Менш чым праз год пасля задушэння паўстання Т. Касцюшкі адбыўся Трэці і апошні падзел Рэчы Паспалітай.
Манархі Расіі, Прусіі і Аўстрыі падзялілі паміж сабой рэшткі тэрыторыі Канфэдэрацыі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Дзяржава спыніла сваё існаванне.
Расійская імперыя атрымала найбольшыя тэрыторыі – 120 тыс. км²: Валынскае, Наваградскае, Віленскае, часткі Брэсцкага, Гродзенскага, Троцкага ваяводстваў і Жамойці з гарадамі Брэст, Наваградак, Гродна, Вільня, Коўна. Па ўсіх трох падзелах яна атрымала 60% ад усёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
Прусія атрымала 48 тысяч км², Аўстрыйская імпэрыя – агулам 47 тысяч км².
wikimedia.org
1862 год. Нарадзіўся Даніэль Свароўскі.
Заснавальнік аўстрыйскай крыштальнай імперыі Swarovski.
У 1892 годзе атрымаў патэнт на першае сваё вынаходства – машыну па апрацоўцы крышталічных камянёў з беспрэцэдэнтнай дакладнасцю.
У 1895 годзе заснаваў у Ціролі завод па вытворчасці вырабаў з крышталю.
Якасць вырабленых на прадпрыемстве Svarovski крыштальных вырабаў дазволіла разглядаць іх як альтэрнатыву каштоўным камяням і дыяментам.
1948 – Амерыканскі прамысловец і дзяржаўны дзеяч Бернард Барух увёў тэрмін “халодная вайна”.
Гэтым тэрмінам уплывовы палітык хацеў ахарактарызаваць хутка астываючыя адносіны ЗША і СССР пасля перамогі ў ІІ Сусветнай вайне.
З распадам сацыялістычнага лагера і СССР “халодная вайна” фактычна завяршылася, і прэзідэнт ЗША Джордж Буш не прамарудзіў павіншаваць свой народ з перамогай.
Тэрмін ”халодная вайна” – неад’емная частка гісторыі ХХ стагоддзя.
1953 год. Памёр Лявон Рыдлеўскі.
Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Удзельнік Слуцкага паўстання (1920) і антысавецкага партызанскага руху на Палессі.
Дзеяч беларускай дыяспары ў Чэхіі, Францыі, Вялікабрытаніі.
Сустваральнік і сукіраўнік “Хаўруса беларускай працоўнай эміграцыі ў Францыі”. “Ён фактычна быў апекуном усіх новапрыежджых беларусаў у Парыжы. Быў адданы свайму народу» – сведчыць Івонка Сурвіла.
Быў адным з тых, хто спрычыніўся да ўратавання каля 200 беларусаў з Даніі ад выдачы СССР.
Аўтар кнігі “Беларусь: Сціслы агляд гісторыі беларускага народу і нацыянальна-вызвольнага руху”.
wikimedia.org
1960 год. На палігоне Байканур у казахстанскіх стэпах адбылася самая жудасная катастрофа ў гісторыі сусветнай касманаўтыкі і ракетнай тэхнікі.
На старце ўзарвалася міжкантынентальная балістычная ракета Р-16.
Па афіцыйнай інфармацыі загінула 78, па дадзеных акадэміка Б. Чартока – 126 чалавек. Сярод загінулых шмат савецкіх канструктараў ракетнай тэхнікі, камандуючы ракетнымі войскамі СССР – маршал М. Нядзелін.
Гэта катастрофа стала моцным ударам для савецкай касмічнай галіны і ракетабудавання.
Інфармацыя аб катастрофе была засакрэчана да 1989 года.
wikimedia.org
1970 год. У Вільнюсе памёр Адольф Клімовіч.
Заходнебеларускі грамадска-палітычны дзеяч.
Актыўны ўдзельнік беларускага руху, беларускай хрысціянскай дэмакратыі, суарганізатар часопіса “Маладое жыццё”, рэдактар часопіса “Самапомач”, газеты “Беларуская крыніца”.
Выкладаў у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі, публікаваўся ў часопісе «Студэнцкая думка».
Арыштаваны КДБ у 1952 годзе, у 1953 годзе вынесены смяротны вырак, які заменены 25 гадамі зняволення. Вярнуўся з лагера ў Вільнюс ў 1956 годзе.
Склаў біяграфічны слоўнік беларускіх культурных і палітычных дзеячоў, рукапіс захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.
wikimedia.org
1973 год. Нарадзіўся Аляксандр Некрашэвіч.
Беларускі мастак-жывапісец.
Працуе на стыку такіх мастацкіх напрамкаў як гістарычны жанр, поп-арт і contemporary art.
Цытаты з вядомых твораў мінулага спалучаюцца ў яго жывапісе з фантастычнымі выявамі іншапланетных прышэльцаў з будучыні альбо з добра вядомымі выявамі нашых сучаснікаў.
Працуе з галерэямі Украіны і Нідэрландаў.
Высокі ўзровень прафесійнага майстэрства мастака ўзводзіць яго ў шэраг буйнейшых жывапісцаў сучаснай Беларусі.
1994 год. Памёр Анатоль Вялюгін.
Беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі БССР.
Аўтар многіх зборнікаў вершаў. Яго лірыка — дасягненне беларускай паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова.
Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Рэха ў пушчы», «Глядзіце на траву» і 40 дакумэнтальных фільмаў, у тым ліку «Балада пра маці», «Генерал Пушча», «Я – крэпасьць, вяду бой».
Перакладчык на беларускую мову асобных твораў М. Лермантава, Ю. Тувіма, Э. Межэлайціса, У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага і іншых.
bis.nlb.by