Штогод на тэрыторыі Беларусі фіксуецца да 80 міні-землятрусаў – распавёў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.
Землятрусы рэгіструюць спецыяльныя сейсмічныя датчыкі, якія ўстаноўлены ў раёне БелАЭС, дзе геафізічны маніторынг неабходна праводзіць рэгулярна. Яны рэгіструюць не толькі землятрусы, але і любыя іншыя геафізічныя ваганні.
Акадэмік лічыць, што трэба абавязкова працягваць праводзіць маніторынг яшчэ і ў сувязі з тым, што зараз праводзіцца пошук месца для будаўніцтва другой беларускай АЭС.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2016 года загадчыца аддзела Цэнтра геафізічнага маніторынга НАНБ Таццяна Аронава даводзіла інфармацыю, што за ўсю гісторыю на тэрыторыі Беларусі адбылося толькі 9 больш-менш адчувальных землятрусаў. Аднак з-за асаблівасцяў геаграфіі яны былі не моцнымі і ўяўлялі сабой «адгалоскі» землятрусаў у больш сейсманебяспечных краінах Еўропы. Самы магутны – Гудагайскі ў 1908 годзе – дасягнуў магнітуды ў 4,5 бала і інтэнсіўнасці ў 7 балаў. Ён якраз адбыўся каля сённяшняй БелАЭС.
Пасля 1908 года ў раёне сённяшняй БелАЭС штуршкоў не назіралася.
Але, яны фіксаваліся пад Салігорскам у 1978, 1983, 1985 и два ў 1998-м. Магнітуда самага магутнага з іх не перавышала 3,5. “Усяго ў гэтай мясцовасці інструментальна зафіксавана звыш 1 400 землятрусаў, але ўсе – дастаткова слабыя, – удакладніла тады Аронава.
Але варта адзначыць, што тэрыторыя Беларусі стала крыніцай яшчэ і ўласных, рукатворных землятрусаў, што звязана са здабычай калійных солей шахтным спосабам.