Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Кацярына Еўдакімава, Паліна Палавінка, Уладзіслаў Мальцаў, Дар’я Кароль, Раман Багрый, Іна Панова, Юрый Караткевіч, Алег Кірычэнка, Арцём Крылоў, Дзмітрый Таратынаў.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Яўген Гукаў

Асуджаны да 1 году і 10 месяцаў калоніі.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу былі каментары ў сацыяльных сетках. Абвінавацілі яго ў «абразе Лукашэнкі і міністра ўнутраных справаў Караева».

Яўген Меркіс

Затрыманы ў межах крымінальнай справы.

Праваабаронцы паведамляюць, што журналіста забралі 13 верасня. У доме яго бацькі 14 верасня быў праведзены ператрус – забралі тэлефоны і ноўтбук.

У пастанове на ператрус было пазначана, што ён праводзіцца ў межах крымінальнай справы за “заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне да 6 гадоў зняволення.

Міхаіл Макараў і Анастасія Сагановіч

Затрыманыя.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што адвакаты схопленыя за, нібыта, «незаконнае распаўсюджванне канфідэнцыйнай інфармацыі», у тым ліку «персанальных дадзеных».

Віктар Пархімчык

Вызвалены па адбыванні прысуджанага.

Праваабаронцы пішуць, што Пархімчыка абвінавацілі ў раскіданні самарэзаў ля адміністрацыйнага будынку памежнага камітэту.

Уладзімір Целяпун

Вызвалены па адбыванні 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

Паводле праваабаронцаў, на яго былі складзены тры пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння за «распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў».