Свяцілавічы сталі апошнім аграгарадком Бялыніччыны, куды прыйшоў прыродны газ. Аднак многія спецыялісты раёна лічаць гэта марнатраўствам.
З помпай, як умее раённае начальства, з запрашэннем дэпутатаў і кіраўнікоў вертыкалі прайшло мерапрыемства націскання ўмоўнай сіняй кнопкі падачы газа ў Свяцілавічы. Героі газазабеспячэння атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама, вяскоўцы – газ.
Аграгарадкі раёна газіфікаваны на 100 працэнтаў – паведамляе раённая газета “Зара над Друццю”. Кошт праекту складае 971 тысячу рублёў. Усе работы па будаўніцтве газаправода, выконваліся ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Нібыта ўсе павінны радавацца. Але частка раённых спецыялістаў толькі паціскае плячыма: “Навошта лясному раёну газ, калі побач гіне некандыцыйная драўніна?”
Найбольш абураюцца працаўнікі лясной гаспадарцы, у якіх забралі працу. Раней толькі мясцовая школа спажывала кубаметраў 70 дроў у год. Цяпер іх дзяваць няма куды. Плюс жыхароў вёскі прымушалі ламаць печы ў іх дамах. Суцэльная нявыкрутка. “Далі б лепш нам гэтыя грошы, якія ў зямлю закапалі. Мы б самае сучаснае абсталяванне для дрэваапрацоўкі набылі б і валюту зараблялі для раёна. А цяпер наадварот, валюту будзем расіянам аддаваць”.
Перамога газавага лобі
Эканамісты разважаюць яшчэ прасцей: “Сёння газ прадаецца Беларусі, як адзінай у Еўропе саюзніцы Расіі па звышільготных коштах. Але ўжо заўтра кошты могуць стаць сусветнымі. І што тады рабіць? Чаму краіны Скандынавіі, Прыбалтыцы абаграваюцца за кошт драўніны, а мы наадварот? Яны што, дурнейшыя за нас?”
Сапраўды, падобныя Бялынічам райцэнтры, напрыклад Літвы, ужо гадоў 20 на ацяпленне не выдаткоўваюць ні газ, ні нафту. Яны садзяць драўніну і спецыяльнымі магутнымі камбайнамі яе косяць, нібыта жыта на палетках. Аднаўляльныя крыніцы энергіі з аднаго боку, эканомія валюты з іншага, незалежнасць з трэцяга.
У Беларусі некалькі гадоў таму нібыта таксама хацелі ісці еўрапейскім шляхам у гэтай сферы. Пачалі былі скарачаць пракладку газаправодаў у вёскі. Але газавае лобі перамагло.