Ён дапамог пажылой жанчыне паднесці сумку і заадно скраў яе гаманец.
70-гадовая жыхарка Магілёва вярталася з крамы з прадуктамі. Падымацца з сумкай на пяты паверх у доме без ліфта ёй было цяжка, і ў падобных выпадках яна звычайна прасіла сваіх знаёмых і суседзяў паднесці торбу да кватэры. Гэтым разам нікога з іх жанчына ў краме не сустрэла, і пагэтаму вырашыла папрасіць незнаёмага мужчыну паднесці сумку. Наўзамен яна набыла для незнаёмца банку піва – тую самую, што на фота.
У кватэры жанчыны незнаёмы мужчына – а ім аказаўся 42-гадовы раней судзімы магілёвец – выпіў піва на кухні і сышоў, захапіўшы кашалёк гаспадыні ў якім захоўвалася 150 рублёў. Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, устанавіць асобу злодзея спачатку выглядала складаным. Жанчына не запомніла знешнасць незнаёмца, не дапамаглі і камеры відэаназірання.
Падчас агляду месца здарэння спецыяліст камітэта судовых экспертыз на банцы з-пад піва выявіў сляды пальцаў рук. Пры праверцы па дактыласкапічных уліках было ўстаноўлена, што сляды пакінуты раней судзімым за крадзеж 42-гадовы магілёвец. Яму і прад’яўлена абвінавачванне.