Хто б сумняваўся – Лукашэнка пасадзіў на суботніку дрэва, шкоднае беларускай прыродзе

Сёння па ўсёй Беларусі праходзіў суботнік. У Мінску Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол будоўлі новага корпуса Нацыянальнага гістарычнага музея – піша яго прэс-служба. На суботніку палітык з Шклоўскага раёна разам з паплечнікамі саджаў чырвоналіставыя дубы. Усяго на гэтым мерапрыемстве высадзілі 80 такіх дрэў.  

Выданне Reform звярнула ўвагу, што чырвоналіставыя дубы, гэта інвазіўны від для Беларусі. Натуральны арэал для іх – Паўночная Амерыка.

Яшчэ ў 2019 годзе старшы навуковы супрацоўнік сектара кадастра расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Леанід Чумакоў у сваім артыкуле ў навукова-папулярным часопісе “Родная Прырода” пісаў:

“Масавае распаўсюджванне гэтага віду ў лясах Беларусі можа негатыўна адбіцца на біялагічнай разнастайнасці, паколькі ён, ствараючы густыя навалы ў лясных масівах, з часам можа выцясняць як многія драўніны, так і падполагавую травяністую расліннасць”.

Фота: СБ

Трэці суботнік запар ладзіцца ў Магілёве

Недахоп фінансаў ці кепскае добраўпарадкаванне? Ці проста новы мэр хоча заявіць пра сябе, як пра актыўнага і ініцыятыўнага кіраўніка?

Гарвыканкам заклікаў магілёўцаў паўдзельнічаць у агульнагарадскім суботніку 22 кастрычніка. Папярэдні суботнік быў два тыдні таму, а з часу суботнікаў у Кастрычніцкім і Ленінскім раёнах не прайшло і тыдня. 

Увага нададзена ўборцы і добраўпарадкаванню двароў, плошчаў, сквераў, вуліц, паркаў, зон адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. Таксама – мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, тэрыторый арганізацый, навядзенні парадку ў прамысловых зонах, гаражна-будаўнічых кааператывах, ліквідацыі несанкцыянаваных звалак. Запланавана таксама пасадка дрэў і кустоў. Суботнік праходзіць у рамках месячніка па добраўпарадкаванні, аб’яўленага ў абласным цэнтры з 13 кастрычніка па 12 лістапада. 

У чым прычына падобнай суботняй актыўнасці? 

Усе запланаваныя працы ўжо рабіліся ў мінулыя суботы. Можа, магілёўцы кепска працавалі на ранейшых суботніках? 

Экстраннай сітуацыі для суботніка, надзвычайных катаклізмаў у горадзе таксама не назіраецца. Асаблівых новых планаў работ зноў жа няма. Ну не восеньскае ж лістоўе стала прычынай суботніка? 

Там дзе няма канкрэтыкі ад уладу маючых, нараджаюцца чуткі. Нездарма ў горадзе ўжо пляткараць, што папросту так новы мэр Студнеў хоча заявіць пра сябе, як пра актыўнага і ініцыятыўнага кіраўніка. Пра гэта ўжо пісалі Магілёў.media. 

З іншага боку, некаторыя эканамісты ўказваюць на фінансавы складнік акцыі. Кожная арганізацыя і прадпрыемства павінны пералічыць пэўную суму грошай, якую нібыта зарабілі калектывы ў гэты дзень, у незалежнасці ад таго, якія віды работ яны выконвалі. Таму, магчыма, празмерная колькасць суботнікаў выклікана простым недахопам фінансаў у гарадскім бюджэце. 

Як бачым, версій многа, а дакладнага адказу няма, бо ўлада кепска патлумачыла гораду неабходнасць працаваць трэцюю суботу запар.