Адукацыя ў Магілёўскай вобласці – дваццаць год падзення

Школ стала менш на 40%, школьнікаў на 36%, па колькасці студэнтаў Беларусь упала з першай дзясяткі ў пяты дзясятак.

Магілёўскае абласное ўпраўленнем статыстыкі апублікавала дадзеныя па стане адукацыі ў вобласці на пачатак 2022/2023 навучальнага года.

На гэты момант у вобласці працавала 465 устаноў дашкольнай адукацыі. Гэта мінус 2,3% у параўнанні з дадзенымі 2020 года і мінус 21% да ўзроўню 2000 года. Колькасць дзяцей (39,7 тысяч) у гэтых установах у параўнанні з 2020 годам скарацілася на 8,5%, а калі параўноўваць з 2000 годам – на 12,7%.

На сёння ў вобласці працуе 365 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (скарачэнне ў параўнанні з 2000 годам на 40%) з колькасцю навучэнцаў 118 тыс. чалавек, што азначае падзенне ў параўнанні з 2000 годам на 36,6%.

Атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі ў 2022 годзе атрымалі 6,2 тысячы выпускнікоў школ. Гэта ў 2 разы менш, чым у 2022 годзе было выпушчана спецыялістаў у нашых прафтэхліцэях, каледжах, ВНУ. Верагодна, збольшага, такая сітуацыя і тлумачыць увядзенне паслабленняў пры паступленні ў ВНУ.

У вобласці функцыянавала 26 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі (да 2000 года падзенне на 27,7%) з 7,7 тысячамі навучэнцаў (падзенне на 60%).

Атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў вобласці забяспечвае 31 установа, колькасць навучэнцаў у іх 11,6 тысяч (менш на 37%, чым у 2000 годзе).

У пяці ВНУ вобласці на першай ступені вышэйшай адукацыі навучаліся 18,7 тысяч студэнтаў (менш на 17%, чым у 2020 годзе і на 55%, чым у 2010 годзе, калі іх было 41,1 тысяча).

Беларусь мела на 10 000 насельніцтва наступную колькасць студэнтаў: у 2010/2011 годзе – 467,12 чалавек, у 2011/2012 годзе – 470,75 і знаходзілася ў першай дзесятцы краін па гэтым паказчыку. Для параўнання, Аўстралія – 720, ЗША – 580, Новая Зеландыя – 560, Казахстан, Фінляндыя – 530, Данія – 520, Нідэрланды – 500. 

Цяпер жа Беларусь перасунулася ў 5 дзясятак – у 2022 годзе ў разліку на 10 000 чалавек насельніцтва вобласці прыпадае 193 студэнты.

Фота ілюстрацыйнае.

Навіны пабрацімаў. У Клайпедзе жыхары змусілі ўлады ўзяцца за ацэнку стану гарадскіх дрэваў

Жыхароў абурыла, што ў горадзе пачалі пазбаўляцца ад з выгляду здаровых дрэваў. Мэрыя наняла адмыслоўцаў, якія ацэняць стан раслін.

Да канца верасня спецыялісты з Універсітэту Вітаўта Вялікага даследуюць 140 дрэваў на гарадскіх вуліцах, у парках, скверах, якія могуць быць небяспечнымі для навакольнага асяроддзя і людзей. Аб’екты даследавання экспертам пакажа дэпартамент аховы навакольнага асяроддзя адміністрацыі гарадскога самакіравання Клайпеды, піша выданне Atviraklaipeda.

Такая паслуга адмыслоўцаў абыдзецца падаткаплатнікам у амаль 8000 еўра. З дапамогай акустычнага тамографа эксперты вызначыць распаўсюджванне гнілі і наяўнасць дуплаў на дрэвах, ацаніць трываласць іх кроны і ствала. Таксама дадуць рэкамендацыі па апрацоўцы раслінаў і іх догляду.

«Atvira Klaipėda» нагадвае, што муніцыпалітэт Клайпеды днямі вырашыў падлічыць і ацаніць дрэвы і ядлоўцы, якія растуць у горадзе. Ён закупляе паслугі па інвентарызацыі зялёных насаджэнняў і насаджэнняў, абнаўляе і дапаўняе сваю базу геададзеных. Разліковая працягласць такіх прац – 25 месяцаў.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: atviraklaipeda.lt