На могілках вёскі Забор’е Краснапольскага раёна ўстанавілі гранітны надмагільны помнік маладому салдату, якія загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Больш за год таму на могілках вёскі Забор’е было знойдзена пахаванне дзевятнаццацігадовага мясцовага салдата – Васіля Кажамякі. Было вядома, што ён гераічна загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Быхаўскага раёна і фарсіраванні Дняпра. Аднак больш інфармацыі не было ніякай. Зараз, практычна праз восем дзясяткаў год пасля страшнай вайны, усё больш складана знаходзіць сведкаў тых падзей і здабываць архіўныя звесткі.
Дзякуючы настойлівасці і ўпартасці старшыні Яноўскага сельсвавета Лагуцінай Наталлі, якая занялася грунтоўнымі росшукамі, дадаковая інфармацыя аб загінулым маладым салдаце знайшлася.
Старшыня сельсавета праявіла сябе як сапраўдны сышчык і знайшла стрыечную пляменніцу загунілага салдата. Аказалася, што яна пражывае ў гарадскім пасёлку Шуміліна на Віцебшчыне. Пасля была знойдзена старонка ў сацыяльнай сетцы пляменніцы Кажамякі, з якой даведаліся, што яна працуе ў адным з дзіцячых садкоў Шуміліна. Знайшоўшы ў інтэрнэце тэлефон установы адукацыі, Лагуціна спытала каардынаты пляменніцы, каб потым стэлефанавацца з ёй самой.
Пагаварыўшы непасрэдна з пляменніцай Васіля Кажамякі, высветліла, што тая забрала з дому сваёй цёткі (і маці салдата) партрэт Васіля на памяць. Гэты партрэт быў вельмі дарэчны, бо як насамрэч выглядаў загінулы салдат Кажамяка дагэтуль не ведалі. У выніку фотапартрэт быў адсканаваны і дасланы старшыні сельсавета – паведамляе краснапольская раёная газета “Чырвоны сцяг”.
Урэшце старанна сабраныя матэрыялы паказалі, што звесткі пра салдата, якія былі ўказаныя на надмагільнай таблічцы раней, не адпавядалі рэчаіснасці.
Каб усталяваць чорны гранітны помнік з вялікім партрэтам Васіля Кажамякі трэба былі нямалыя фінансавыя выдаткі. Хоць пахаванне знойдзена больш года таму, аднак пошук фінансаў на помнік краснапольскаму салдату ўвянчаўся поспехам толькі цяпер. У зборы сродкаў для набыцця і ўсталявання помніка Яноўскаму сельсавету дапамагла Магілёўская абласная калегія адвакатаў.
Фота: “Чырвоны сцяг”