Дзень у гісторыі. 21 верасня. Дзень нараджэння выдаўца Дзмітрыя Касмовіча, мастака Віктара Альшэўскага. Дзень памяці Канстанціна Астрожскага, навукоўца Яна Снядэцкага, пісьменніка Міхася Лынькова

Міжнародны дзень міру (з 1982 года) устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН. Для большасці людзей планеты Зямля мір – гэта паўсядзённая рэальнасць. Аднак, для занадта шматлікіх людзей у сучасным свеце гэты дар – не больш як казачная мара. 

З лютага 2022 года ідзе вайна на тэрыторыі суседняй Украіны. 

А ўсяго ў свеце зараз адбываецца 30 ваенных канфліктаў.

ААН выкарыстоўвае святкаванне Міжнароднага дня міру, для прыцягнення ўвагі да сваёй рознабаковай працы ў падтрымку міру і для таго, каб заахвоціць асобных людзей, групы і абшчыны на ўсёй планеце да асэнсавання праблем міру, абмену інфармацыяй і практычным досведам дзейнасці па яго дасягненню.

Свята Багач, якое заканчвала цыкл вырошчвання ўраджаю і адначасова змяшчала абрадава-міфалагічны акцэнт на сацыяльна-абшчынны характар уяўленняў. 

Багач — лубок з жытам, у сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Жыта для Багача зносілі жыхары ўсёй вёскі.

Багач у сістэме календара вылучаецца як свята, максімальна набліжанае да ўзвіжанскіх «сонечных» урачыстасцей. Запаленая свечка як правобраз сонца, крыніцы святла суадносіць абрад са святкаваннем восеньскага раўнадзенства. Аб’яднанне свечкі і зерня як сімвала дабрабыту навочна дэманстравала тыповае для міфапаэтычнага мыслення ўяўленне пра Сонца — жыццядайнага апекуна земляробства.

На 21 верасня прыпадае адно з галоўных хрысціянскіх святаў, устаноўленых у гонар нараджэння Божай Маці. 

Два праведнікі — муж і жонка Іякім і Ганна — не мелі дзяцей і малілі Бога паслаць ім дзіця. Іх малітва была пачута. Нібыта цуд, Бог паслаў старым бацькам дачку Марыю, якая ў будучым стала Маці Ісуса Хрыста.

1530 год. У Тураве памёр Канстанцін Астрожскі

Вялікі гетман літоўскі, мецэнат. 

Выдатны палкаводзец, войскі пад яго камандаваннем здабылі перамогу ў больш за 60-ці бітвах, у тым ліку ў бітве пад Оршай (1514). 

Апякун праваслаўя. 

Валодаў 91 горадам і мястэчкам.

У яго гонар названы вуліца ў Дняпры (Украіна), украінская 30-я асобная механізаваная брыгада, Літоўска-польска-украінская брыгада (Украіна, НАТА).

 1801 год. Створана Гродзенская (Літоўска-Гродзенская) губерня замест ліквідаванай Літоўскай (1796-1801). 

Рускі імператар Аляксандр I сваім указам падзяліў Літоўскую губерню на дзве — Літоўска-Віленскую губерню і Літоўска-Гродзенскую губерні, якія ўвайшлі ў склад Літоўскага ваеннага губернатарства. 

У 1840 годзе губерня стала называцца Гродзенскай. 

Скасавана ў 1921 годзе. 

Мела плошчу амаль 35 тысяч км² і насельніцтва 1,5 млн чалавек.

1830 год. Памёр Ян Снядэцкі (1756-1830). 

Астраном, матэматык, філосаф. 

Рэктар Віленскага ўніверсітэта (1806-1825), дырэктар Віленскай астранамічнай абсерваторыі (1807-1814).

Аўтар падручніка па матэматыцы для школ, папулярызатар матэматычнай адукацыі. 

Аўтар шматлікіх прац па астраноміі, матэматычнай і фізічнай геаграфіі. 

Еўрапейскую вядомасць яму прынесла складзеная біяграфія М. Каперніка.

1909 год. Нарадзіўся Дзмітрый Касмовіч (1909-1991). 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, выдавец. 

Актыўны дзеяч беларускіх студэнцкіх арганізацый у Бельгіі, Чэхіі, Югаславіі. 

У 1939 годзе абраны бурмістрам Нясвіжу. 

Служыў у Беларускай краёвай абароне. 

Працаваў у Беларускай Цэнтральнай Радзе, суарганізатар арганізацыі Сусветнай антыкамуністычнай лігі, удзельнік працы Еўрапейскага савета свабоды.

Апошнія гады жыцця працаваў над кнігай «За вольную і суверэнную Беларусь» (Вільня, 2006).

1918 год. У в. Клетнае Глускага раёна нарадзіўся Фёдар Янкоўскі

Беларускі мовазнавец, пісьменнік, празаік. 

Доктар філалагічных навук, прафесар.

Даследчык беларускай народнай мовы, фанетыкі, марфалогіі і сінтаксісу беларускай літаратурнай мовы, гісторыі беларускай мовы.

Аўтар шматлікіх кніг, у тым ліку «Дыялектны слоўнік», «Беларускае літаратурнае вымаўленне», «Пытанні культуры мовы» і іншыя.

Складальнік зборнікаў афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнанняў, фразеалагізмаў. Аўтар дапаможнікаў для ВНУ.

 1953 год. У в. Вугольшчына Бялыніцкага раёна нарадзіўся Віктар Альшэўскі

Беларускі мастак, педагог, прафесар. 

Акадэмік жывапісу Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. 

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

 Адзін з кіраўнікоў Цэнтра сучасных мастацтваў.

Працуе ў станкавым жывапісу ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта.

1975 год. Пайшоў з жыцця Міхась Лынькоў

Народны пісьменнік БССР, Акадэмік АН БССР.

Працаваў у бабруйскай акруговай газеце «Камуніст», арганізатар і кіраўнік Бабруйскага філіяла «Маладняка». 

Працаваў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў, дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР.  

Аўтар шматлікіх зборнікаў прозы, нататкаў, апавяданняў, нарысаў, раманаў, Збораў твораў у 4-х і ў 8 тамах.

Дзяцям вядомы па кнігах «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Міколка-паравоз» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.

Яго імя носяць школа ў Лёзненскім раёне і вуліца  ў Мінску.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў