Месяц травень, месяц май

Крыху гісторыі і назіранняў пра апошні месяц вясны

Адкуль пайшла назва месяца.

Назва травень з’явілася яшчэ ў старажытнаславянскія часы, бо ў гэты час з’яўлялася зялёная трава. Вядомыя таксама назвы песеннік, грымотнік, траўнік. Пазней пад уплывам візантыйскай традыцыі месяц атрымаў назву «май» паводле імя старажытнарымскай багіні вясны Маі.

Назва травень існуе ў украінскай, існавала ў старапольскай мове а таксама ў харвацкай – праўда ў апошняй азначае красавік.

Праславянскае слова “травень” выяўленае ў творах старабеларускай мовы двойчы: у Полацкім Эвангеллі ХІІІ ст. і слоўніку (1627) Памвы Бярынды.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове амаль ад пачатку назва месяцу існавала ў форме «май». «Наша Ніва» пачатку XX стагоддзя ўжывала форму травень толькі ў 1910–1912 гадах. Больш шырокае ўжыванне слова травень займела за часам беларусізацыі, пасля чаго прызналася састарэлым. У афіцыйным ужытку слова травень аднаўляецца ў 1990-я гады.

Цікавыя факты пра месяц май.

Май па кліматычных паказчыках – амаль летні месяц. Пераважаюць дзённыя тэмпературы +16 +20°, начныя да +10°С.

Даўжыня дня за май вырастае з 15 да 17 гадзін.

Вышыня паўдзённага сонца набліжаецца да кульмінацыі – дасягае 55-56°.

Сярэдняя тэмпература вагаецца ад 13,2°С у Бабруйску, да 12,9°С ў Магілёве і да 12,4°С у Горках.

Максімальна цёплы май быў у 1906 годзе з сярэдняй тэмпературай 17,3°С, самы халодны – у 1974 годзе з тэмпературай 7,1°С.

Маю ўласцівы вяртанні халадоў: “Мароз казаў: І ў маі тры дні маю”.

Вяртанне халадоў – няшчасце садаводаў. Іх звычайна бывае два – у сярэдзіне першай і другой дэкад. Яны зацягваюцца да 2-3 дзён. Рэзкі пад’ём тэмпературы правакуе разгортванне вегетацыйных працэсаў. І тут – хвалі холаду – “чаромхавыя халады”. Іх пасылае Арктыка.

Сапраўды: “У май каню сена дай, а сам на печ уцякай”. Але ж трапная прыкмета: “Май халодны – год хлебаробны”.

Абсалютны максімум тэмператур мая ў Горках +26° (1912 год), у Бабруйску +30,2° (1958), у Магілёве + 26,8°.

Ясных дзён амаль трэцяя частка, пахмурных – менш за палову.

Норма ападкаў для месяца – 55-60 мм. Майскі дождж ніколі не лішні: “Мокра ў маі – будуць пышныя караваі”.

Маю ўласцівы ліўні, якія даюць дзясяткі міліметраў ападкаў за 1-2 гадзіны.

У маі назіраюцца і снегапады. 19 мая 1962 года пад цяжарам снегу абломліваліся галіны дрэў.

Май – месяц травы.

Ужо ў першай дэкадзе зацвітаюць вішні, слівы, пазней – грушы і яблыні.

У маі цвітуць браткі, незабудкі, цвітуць хвойныя, суніцы, раскрываюцца пялёсткі брусніцы. Выходзіць у трубку азімыя жыта і пшаніца, а у канцы месяца – каласяцца, усходы яравых апранаюць палі ў зялёнае ўбранне.

З’яўляецца прыплод у ласак, куніц, тхароў, лісіц, патомства ў казуль, ласёў, другі прыплод у зайцаў, вавёрак, трэці – у палёвак. Амаль поўнасцю заканчваецца прылёт птушак. Лес напаўняецца рознагалосым спевам.

Завяршаецца веснавая палявая кампанія.

Фота з адкрытых крыніц

Зноўку моцны снегапад – паглядзелі, што ў Магілёве з дарогамі

Чытачы mogilev.media праехалі раніцай 18 лютага па вуліцах Магілёва і падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі. Фота больш яскрава чым словы перададуць тое, што зараз адбываецца на дарогах абласнога цэнтра.

Фота: чытачы mogilev.media

Моцны снег, мяцеліца – прагноз надвор’я на 10 студзеня

Аб неспрыяльных гідраметэаралагічных з’явах – аранжавы ўзровень небяспекі – на 10 студзеня папярэджаюць сіноптыкі Белгідрамету. 

10 студзеня па ўсходняй палове краіны, частцы Магілёўскай вобласці, чакаецца ўзмацненне паўднёва-ўсходняга ветру парывамі да 15-20 м/с, ноччу і раніцай на паўночным усходзе – моцны снег, мяцеліца.

Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра днём -3..-5°C. 

Амаль пяцьдзясят цягнікоў спазніліся на Магілёўшчыне з-за снегападаў

Затрымка складала ад некалькіх хвілін на трох гадзін – паведамляе прэс-цэнтр Беларускай чыгункі.

Стыхія, якая абрынулася на Беларусь у выходныя, у асноўным закранула Магілёўскі рэгіён. Усяго было зафіксавана падзенне больш за 1300 дрэў. 

Агульная працягласць участкаў чыгункі, на якіх былі адзначаны збоі ў электразабеспячэнні і рабоце сродкаў сігналізацыі і сувязі, склала 210 км. 

У перыяд 27–28 лістапада 2022 года на ўчастках Магілёў – Крычаў, Крычаў – Бялынкавічы, Крычаў – Орша 49 пасажырскіх цягнікоў ехалі з адхіленнем ад устаноўленага графіка руху. Затрымка складала ад 7 хвілін да 2 гадзін 54 хвіліны.

 

На Магілёўшчыне аднаўляюць пастаўку электрычнасці, 259 населеных пунктаў былі без святла

Вялізнымі снегападамі на мінулых выхадных на Магілёўшчыне парвала правады ў вялікай колькасці раёнаў – перадае Тэлеграм-канал “Белэнерга”. Мокры снег наліпаў на правады і галлё дрэваў, якое ламалася і шкодзіла лініям электраперадач.

Яшчэ да раніцы 28 лістапада працягваліся аварыйна-аднаўленчыя работы ва ўзмоцненым рэжыме.

У нядзелю 27 лістапада і ноччу 28 лістапада перыядычна ўзнікалі парушэнні электразабеспячэння ў размеркавальных электрасетках па ўсёй Магілёўскай вобласці, парушэнні ў энэргазабеспячэнні былі зафіксаваныя ў 259 населеных пунктах.

Фота: Белэнерга

Аранжавы ўзровень небяспекі: начныя снегапады з панядзелка на аўторак

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены на тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей у ноч з панядзелка 21 лістапада на аўторак 22 лістапада з прычыны снегападаў, папярэджвае Белгідрамет.

У ноч з 21 на 22 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е, са снегападамі. Слупок тэрмометра апусціцца да -3 -5°С, месцамі да -6°С .  На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер пераважна паўночны з хуткасцю да 5-10 м/с. 

У аўторак, 22 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е. Месцамі выпадзе снег, да 12 мм ападкаў. На дарогах – галалёдзіца, снегавыя заносы. Вецер заходні, паўночна-заходні, хуткасцю да  4-9 м/с. Прагназуецца дзённая тэмпература да -1 -3°С.

 

Аранжавы ўзровень небяспекі: снегапады ў суботу і ў ноч на нядзелю, марозы да -15°С

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены ў Магілёўскай вобласці і па ўсёй Усходняй Беларусі на суботу з-за снегападаў – паведамілі ў Белгідрамеце.

У суботу 19 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е. Раніцай і днём чакаеца снег, часам моцны. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер пераважна ўсходні, паўночна-ўсходні хуткасцю 4-9 м/с. Тэмпература паветра ўранні да -5°С, днём да  -2 -4°С.

У нядзелю 20 лістапада прагназуецца воблачнае з праясненнямі і паніжэннем тэмператур надвор’е. Уначы ў асобных раёнах вобласці пройдзе снег. Днём пераважна без ападкаў. У асобных мясцінах чакаецца слабы туман, намаразь, на дарогах – галалёдзіца. Вецер няўстойлівы, хуткасцю да  2-7 м/с. Слупок тэрмометра ўпадзе  ноччу да  -7 -12°С, пры праясненнях, месцамі і да -15°С. Максімальная дзённая тэмпература  -1 -6°С.