Дзень у гісторыі. 22 студзеня. Пачатак Лівонскай вайны і паўстання 1863-1864 гадоў. Знойдзены Ангкор Ват. Нарадзіўся 300-тысячны магілёвец

Сусветны дзень снега (World Snow Day, з 2012 года) – міжнароднае свята, дзень зімовых відаў спорту. Адзначаецца штогод у перадапошнюю нядзелю студзеня.

Ініцыятарам і заснавальнікам правядзення свята з’яўляецца Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту (FIS). Па задуме арганізатараў, Сусветны дзень снега павінен служыць папулярызацыі зімовых відаў спорту і актыўнага, здаровага ладу жыцця. Праходзіць пад дэвізам – «Нацешыцца, азнаёміцца і выпрабаваць!»

Першымі Дзень святкавалі ЗША, Канада, Аўстралія, Швейцарыя, Фінляндыя, Германія, Вялікабрытанія, Нарвегія, Польшча, Турцыя, Казахстан, Украіна і іншыя. Зараз Сусветны дзень снега адзначаюць у 50 краінах.

1558 год. Маскоўскае княства распачала Лівонскую, Інфлянцкую вайну (1558—1583). 

Вайна вялася Маскоўскай дзяржавай супраць Лівонскага ордэна і падтрымаўшых яго Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Швецыі за кантроль над Лівоніяй.

На сярэдзіну XVI стагоддзя Лівонскі ордэн быў значна аслаблены феадальнымі міжусобіцамі і імкнуўся знайсці саюзнікаў супраць ваеннай пагрозы Маскоўскай дзяржавы. Масковія, у сваю чаргу, імкнулася атрымаць большы выхад да Балтыйскага мора, чым у яе быў (існаваў горад і порт Івангарад). У 1557 годзе быў заключаны ваенны саюз Лівонскага ордэна і ВКЛ супраць Маскоўскай дзяржавы. У студзені 1558 года маскоўскія войскі пачалі вайну з мэтай авалодання лівонскіх гарадоў і замкаў Нарвы, Дэрпта, Нейгаўза, Рэвеля, Рыгі.

Асада маскоўскімі войскамі Нарвы, 1558

1624 год. Віцебск пазбаўлены Магдэбургскага права, якое было нададзена ў 1597 годзе. 

Гэта стала рэакцыяй караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III на заклікі Рымскага папы Урбан VIII разабрацца з зачыншчыкамі Віцебскага паўстання 12 лістапада 1623 года, падчас якога быў забіты ўніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч, збіты іншыя святары, разрабавана маёмасць, знішчаны архіў епархіі. 

Магдебургскае права было адноўлена  ў 1644 годзе.

Старажытны герб Віцебска, 1597

1796 год. Беларускія гарады Бабруйск, Давыд-Гарадок, Докшыцы і Паставы атрымалі гербы ад расійскіх уладаў.  

На фота: Імперскі герб Бабруйска. Ён адрозніваецца ад сучаснага адсутнасцю арла ў верхняй частцы.

 

1800 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Фольбарт. 

Доктар медыцыны. Спецыяліст у галіне медыцыны, прыродазнаўчых навук. 

Член Пецярбургскай акадэміі навук, мінералагічнага таварыства, Маскоўскага і Рыжскага таварыстваў даследчыкаў прыроды, Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі, Рускага геаграфічнага таварыства. Вучыўся медыцыне ў Германіі, Францыі, Англіі. 

Працаваў урачом у Пецярбургу.

З 30-гадовага ўзросту пачаў займацца мінералогіяй, склаў багатую калекцыю мінералаў і адкрыў ванадзіевакіслую медзь, якой прысвоілі назву “фальбарыт”. Сур’ёзна займаўся і палеанталогіяй.

Памёр 5 сакавіка 1876 года.

Панарама Магілёва на гравюры XIX стагоддзя. Від з боку Дубравенкі
Панарама Магілёва на гравюры XIX стагоддзя. Від з боку Дубравенкі

1863 год. Распачалося паўстанне 1863-1864 гадоў супраць расійскіх уладаў. 

Паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы земляў былой Рэчы Паспалітай – сучасныя Польшча, Беларусь, Літва, Латвія і частка Ўкраіны – супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. 

Пачалося абвяшчэннем Маніфесту Часовага нацыянальнага ўрада. Гістарыяграфічная навука дае розныя ацэнкі паўстанню ў цэлым, асабліва ў плане нацыянальнай матывацыі кіраўнікоў і сацыяльнай базы ўдзельнікаў: ад «польскай шляхецка-клерыкальнай смуты» да «беларускага нацыянальна-вызваленчага» або «сялянска-рэвалюцыйнага руху».

1869 год. Нечаканае адкрыццё ў камбаджыйскіх джунглях комплекса Ангкор Ват. 

Заблукаўшы ў камбаджыйскіх джунглях каля возера Тонлесап, французскі падарожнік Анры Муо раптам убачыў перад сабой гіганцкі храмавы комплекс з галерэямі, вежамі, павільёнамі і варотамі, багата ўпрыгожанымі разьбой па камені.

Так быў “выняты з небыцця” Ангкор Ват (“Пагада сталіцы”), жамчужына майстэрства старажытных кхмераў, найбуйнейшае ў свеце культавае збудаванне. Узведзены ў сярэдзіне XII стагоддзя і прысвечаны богу Вішну. 

Займае плошчу ў 200 квадратных кіламетраў, насельніцтва дасягала паўмільёна жыхароў. 

У 1992 годзе разам з іншымі збудаваннямі горада Ангкор узяты пад эгіду ЮНЕСКА. 

Сёння з’яўляецца адной з галоўных турыстычных славутасцяў Камбоджы. 

1906 год. Нарадзіўся Андрэй Александровіч

Беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык.

У гады Першай сусветнай вайны быў удзельнікам хору У. Тэраўскага, наведваў «Беларускую хатку».

Кіраваў распрацоўкай нарматыўнага руска-беларускага слоўніка, Інстытутам мовы, з’яўляўся член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.

Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Рэдактар часопіса «Малады араты», працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў.

Аўтар паэтычных зборнікаў, паэм, кніг для дзяцей.

Падчас рэпрэсій 1929-1931 гадоў выступіў супраць «нацдэмаў», але сам патрапіў пад рэпрэсіі: арыштаваны НКУС у ліпені 1938 года, асуджаны на 15 гадоў лагераў, паўторна арыштаваны ў лютым 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.

Памёр 6 студзеня 1963 года.

1935 год. У в. Целяшы Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Віктар Ракаў. 

Беларускі паэт. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, працаваў на Магілёўскім радыё, у шклоўскай раённай газеце «Ударны фронт», рэдакцыях «Звязды», «Полымя».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.

1980 год. У Магілёве нарадзіўся 300-тысячны гараджанін. Яму сёння 43 гады. Горад “падрос” у параўнанні з перапісам насельніцтва 1979 года адразу амаль на 10 тысяч чалавек. Хацелася б ведаць як жа склаўся лёс 43-гадовага “300-тысячнага магілёўца”.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

2012 год. Памёр Яўген Шатохін. 

Беларускі мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Ганаровы грамадзянін французскага горада Альбер. Уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня», член сейма БНФ «Адраджэнне».

Заснавальнік і дырэктар (1988-1997) дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў г. Пінску. Звольнены па палітычных матывах,

Аўтра шматлікіх акварэляў, малюнкаў, афортаў, літаграфій, у тым ліку «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча», «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», «Маўклівыя сведкі. Прысьвячаецца 80 угодкам Слуцкага Збройнага Чыну», «Парыжскія масты», «Землякі Васіля Быкава», «Цішыня ў Бычках», «Прыпяцкія сюжеты. Прысвячаецца У. Караткевічу», «Па слядах Напалеона Орды».

Узнагароджаны 6 медалямі і прызамі Францыі, медаль Беларускага Саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»,

Яго працы захоўваюцца ў музеях Мінска, Пінска, Брэста, Полацка, Нью-Ёрка, Кіева, Берліна, французскіх Санары-сюр-Мэр, Пероне, у Фондзе Міністэрства культуры Расіі, у прыватных зборах многіх еўрапейскіх краін, Паўднёвай Афрыкі, Егіпту, ЗША, Расіі.

Галоўная задача Швецыі на чале Еўрапейскага Саюза – падтрымка Украіны ў барацьбе з расійскай агрэсіяй

Швецыя ў студзені прыняла ў Чэхіі абавязкі старшыні Еўрапейскага Саюза на працягу шасці месяцаў і адразу заявіла пра важнасць падтрымкі ўкраінскага народу, бо гэта дапаможа Еўропе. 

Прэм’ер-міністр Швецыі сфармуляваў прыярытэты старшынства Стакгольма – бяспека, канкурэнтаздольнасць, дабрабыт, дэмакратычныя каштоўнасці і вяршэнства закона. І без Украіны яны не могуць быць дасягнуты.

Прэм’ер-міністр краіны Ульф Крыстэрсан і ўрад запрасілі прадстаўнікоў Еўрапейскай камісіі на чале з яго старшынёй Урсулай фон Дэр Ляйен на першую ўводную сустрэчу.

Прыярытэты старшынства Швецыі ў Еўрапейскім Саюзе

Першай заклапочанасцю Стакгольма стане аказанне эканамічнай і ваеннай падтрымкі Кіеву, якая забяспечыць бяспеку еўрапейцаў. Чакаецца, што Еўрапейскі Саюз накіруе ў 2023 годзе Украіне 18 млрд еўра фінансавай дапамогі і пачне канфіскоўваць замарожаныя расійскія актывы, каб атрымаць дадатковыя грошы. 

Швецыя таксама хоча накіраваць намаганні ЕС па барацьбе з партыяй арганізаванай злачыннасці.

Другая заклапочанасць – канкурэнтаздольнасць. Усё больш і больш краін – членаў ЕС выступаюць за перагляд дзяржаўнай дапамогі ў адказ на праграму “зялёных” субсідый, якія праводзяцца ў ЗША. Прэм’ер -міністр Швецыі заявіў пра неабходнасць “чыстай канкурэнцыі”.

Па-трэцяе, Швецыя будзе весці абмеркаванне новай прапановы аб рэформе электрычнага рынку ЕС і хуткага пераадолення залежнасці ад выкапнёвых крыніц энергіі.

Таксама Швецыя абавязалася забяспечыць вяршэнства закона ў ЕС. Але падтрымка ўльтра-правага ўрада меншасці выклікае занепакоенасць у Брусэлі.

Такім чынам, спекуляцыі расійскіх прапагандыстаў пра змяншэнне падтрымкі Ўкраіны ў яе барацьбе з расійскай агрэсіяй, не павінны спраўдзіцца.

Візавыя цэнтры Эстоніі аднавілі прыём дакументаў

Пра тое гаворыцца на сайце партнёра эстонскай амбасады ў Беларусі кампаніі VFS Global.

Паводле яе, прымаць дакументы ў візавых цэнтрах, размешчаных у Бабруйску і Полацку сталі ад 6 верасня. Акрамя Эстоніі тут зробяць візу ў Швецыю і Фінляндыю.

Першапачаткова паведамлялася, што візавыя цэнтры Эстоніі пачнуць працу з 1 верасня. 2 верасня на сайце VFS Global з’явілася паведамленне аб прыпыненні прыёму дакументаў. Прычыны не называліся. Цяпер такой абвесткі няма.

Візавыя цэнтры Эстоніі прыпынілі прыём дакументаў

Раней паведамлялася, што 1 верасня два сервізныя цэнтры адкрыюцца ў Беларусі. Пра змяненне сітуацыі паведаміў партнёр эстонскай амбасады ў Беларусі кампанія VFS Global. Прычыны прыпынення працы не агучваюцца.

«Візавыя цэнтры Эстоніі часова прыпыняюць прыём дакументаў на візы да далейшага апавяшчэння», гаворыцца  на сайце VFS Global.

31 жніўня на тым жа сайце паведамлялася, што 1 верасня два новых сервізных цэнтры адкрыюцца ў Бабруйску і Полацку і пачнуць прымаць дакументы для ахвотных выехаць у Эстонію, Фінляндыю і Швецыю, пісаў  Магілёў.media.

 

Эстонія наважылася адкрыць у Беларусі візавыя цэнтры. Яны запрацуюць у Бабруйску і Полацку

У Бабруйску візавы цэнтр Эстоніі пачне працу з 1 верасня.

У ім акрамя Эстоніі будуць афармляць дакументы для ахвотных выехаць у Фінляндыю і Швецыю, паведамляе партнёр эстонскай амбасады ў Беларусі кампанія VFS Global.

Дакументы, аднак, прымуць не ўва ўсіх, адзначае выданне «Бобруйский курьер». Візу стануць афармляць:

– для наведвання блізкіх членаў сям’і грамадзян або ўладальнікаў дазволу на жыхарства;

– для паездкі па гуманітарных прычынах. Напрыклад, цяжкая хвароба або пахаванне блізкага сваяка;

– для кіроўцаў, якія працуюць у сферы міжнародных грузавых перавозак.

Візавы цэнтр Эстоніі ў Бабруйску размясціўся на вуліцы Пушкіна 251 (у будынку кампаніі Белдзяржстрах). У Полацку – на вуліцы Камуністычная, 4Б.

фота: sputnik.by

«Улічваючы непрадказальную будучыню» кампанія H&M Group згортвае бізнес у Расіі

Шведская кампанія з найбуйнейшай у Еўропе сеткай раздробнага гандлю адзежы прыпыніла дзейнасць у Расіі 2 сакавіка 2022 году, неўзабаве пасля пачатку вайны ва Ўкраіне. Тады такі крок называўся часовым.

Цяпер жа на сайце кампаніі адзначана, што яна «вырашыла пачаць працэс згортвання бізнесу», «улічваючы бягучыя аперацыйныя праблемы і непрадказальную будучыню».

«Пасля ўважлівага аналізу мы лічым немагчымым з улікам бягучай сітуацыі працягваць наш бізнес у Расіі. Мы глыбока засмучаныя тым, што гэта паўплывае на нашых калег, і вельмі ўдзячныя за ўсю іх цяжкую працу і самаадданасць. Акрамя таго, мы хочам падзякаваць нашым кліентам за іх падтрымку на працягу многіх гадоў», – паведаміла генеральны дырэктар H&M Group Хелена Хельмерсан.

У рамках працэсу згортвання плануецца часова аднавіць працу крамаў на абмежаваны перыяд часу для продажу запасаў прадукцыі ў Расіі.

Расія для H&M Group – 6 па велічыні рынкам. Яе крамы з’явіліся тут у 2009 годзе. Усяго іх было 170. Сыход з расійскага рынку абыдзецца кампаніі ў 190 мільёнаў долараў стратаў.

фота: yandex.net