У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі за апошнія дні паступіла некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні: крадзеж паліва і рулонаў сена, кустоў бульбы з агарода. Нецвярозы буйны брат і шумныя суседзі, якія ладзяць начныя гулянкі.
У аграгарадку Басценавічы Мсціслаўскага раёна на тэрыторыі прыватнага домаўладання пенсіянера міліцыя выявіла 30 літраў афарбаванага дызельнага паліва, што захоўваў мужчына. У аграгарадку Мішні “засвяціўся” механізатар аграпрапрыемства “Знамя працы” у якога правахоўнікі знайшлі два рулоны сена.
У Мсціславе ў пад’ездзе дома па вуліцы Школьная невядомыя разбілі акно ўваходных дзвярэй. Працягваюцца і крадзяжы бульбы з агародаў людзей. На гэты раз злодзеі выкапалі на агародзе жыхара Ходасаў 15 кустоў клубневай культуры. А вось у аграгарадку Разанцы жанчына была змушаная звярнуцца за дапамогай да міліцыі з-за таго, што суседзі два тыдні не давалі ёй спаць, ладзячы начныя гулянні. Па ўсіх фактах праводзіцца праверка.
У Ходасах адбылося яшчэ адно здарэнне. Родны брат жанчыны ў стане алкагольнага ап’янення ўчыніў з ёй скандал, парваў сукенку і кідаўся біцца. У выніку на мужчыну быў складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф да 10 базавых велічыняў (370 беларускіх рублёў) ці грамадскія працы або адміністрацыйны арышт – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.
Фота ілюстрацыйнае