У Касцюковічах абвешчаная амністыя. Тыя, хто самавольна падлучыўся да гарадскога водаправоду ці каналізацыі, не будуць пакараныя, калі прызнаюцца

У філіяле «Касцюковіцкі водаканал» запэўніваюць: згодна з умовамі «Воднай амністыі» ўладальнікі жылых дамоў могуць узаконіць нелегальныя падлучэнні да цэнтральных водаправодных або каналізацыйных сетак. Ім не давядзецца плаціць штраф і яны пазбегнуць іншых санкцыяў.

Такая палёгка пачала дзеіць ад 1 жніўня. Паводле вадаправоднікаў, гаспадарам дамоў трэба толькі зарэгістраваць самавольныя «ўрэзкі».

У выпадку выяўлення кантралёрамі самавольнага далучэння прадугледжаны штраф да 1600 рублёў для шараговага жыхара, а для юрыдычнай асобы да 7 тысяч рублёў.

Да таго ж «самавольнікаў» абавязваюць адключыцца ад водаправоду або каналізацыі за свой кошт, нагадвае  інтэрнэт-рэсурс газеты «Голас Касцюкоўшчыны».

Дзяржаўтаінспекцыя адпрацуе месцы несанкцыянаванага гандлю на дарогах. Пакуль толькі ў Мінскай вобласці

Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі сталічнага рэгіёну возьмуцца за грамадзян, якія прадаюць прадукцыю ў непасрэднай блізкасці ад аўтамабільных дарог. Гэта тычыцца тых хто вырашыў на ажыўленых магістралях падзарабіць, прадаючы дары лесу, ці вырашчанае на сваіх палетках.

Комплекс прафілактычных мерапрыемстваў міліцыянты назвалі «Дарога для дарожнага руху».

Заяўляецца, што іхныя меры скіраваныя на папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму і спыненне фактаў знаходжання на дарогах асоб у стане ап’янення.

Асаблівую ўвагу, піша агенцтва «Белта», супрацоўнікамі ДАІ нададуць грубым парушэнням уразлівай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху: пешаходамі, веласіпедыстамі, возчыкамі коннага транспарту.

За пашкоджанне, забруджванне або загрувашчванне аўтамабільнай дарогі, а таксама пагрузку і выгрузку ладунку на праезнай частцы пагражае штраф да 160 рублёў.

фота: brestcity.com

Магілёўскую кнігарню аштрафавалі за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У кніжнай краме «Асвета» пракуратура выявіла два экзэмпляры кнігі «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» аўтара Віктара Ляхора. Быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.

Твор Ляхора ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў згодна з рашэннем Ленінскага суду Гродна ад 18 красавіка 2022 году.

5 ліпеня Ленінскі суд Магілёва аштрафаваў кнігарню, як юрыдычную асобу, на 4800 рулёў (1850 долараў ЗША) за «распаўсюджванне» экстрэмісцкіх матэрыялаў. Справу разглядала суддзя Аксана Ратнікава.

Пра прысуд стала вядома праваабаронцам. Паводле іх дырэктарка крамы ў судзе даводзіла, што «на пасаду прызначаная толькі 24 мая і ёй не было вядома аб наяўнасці забароненых кніг ва ўстанове, якой кіруе».

Па яе словах, выдавецтва «Харвест», якое выпусціла кнігу Ляхора, таксама не папярэдзіла, што яе варта прыбраць з продажу. Згодна з дамоваю, казала ў судзе кіраўніца крамы, творы Ляхора ўласнасць выдавецтва. Яна адзначала, што Міністэрства інфармацыі не паведаміла ёй аб продажы забароненай літаратуры.

Віктар Ляхор – вядомы ў Беларусі мастак-геральдыст. Ён стварыў сімволіку ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартаменту аховы, а таксама МЗС. Па яго словах ён цалкам спыніў супрацу з беларускімі сілавымі структурамі пасля пратэстаў 2020 года.

Віктар Ляхор – адзін з аўтараў сімволікі беларускіх гарадоў. Уваходзіў у Геральдычную раду пры найвышэйшым органе выканаўчай улады.