Дзень у гісторыі. 12 лістапада. Заснаванне першага ваенна-палітычнага саюза ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Віцябляне забілі Іасафата Кунцэвіча. У Магілёве адбыўся землятрус

1335 год. У Вышаградзе, рэзідэнцыі караля Венгрыі Карла I Роберта, заснаваны першы ваенна-палітычны саюз у Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

Саюз створаны манархамі Венгрыі, Польшчы і Чэхіі.

У Вышаградзе біскупы каранавалі наследных прынцаў, прысягалі на вернасць маладым каралям войскі, ствараліся атрады конніцы, якія сыходзілі з гэтага замка на барацьбу з асманскімі заваёўнікамі.

15 лютага 1991 года кіраўнікі Венгрыі, Чэхаславакіі (цяпер Чэхія і Славакія), Польшчы ў тым жа замку аб’явілі аб стварэнні Вышаградскай групы, Вішаградскага трыкутніка. Цяпер гэта Вышаградская чацвёрка, V4. 

Усе члены Вышаградскай групы 1 мая 2004 года сталі членамі Еўрапейскага саюза. 

У склад групы імкнуцца ўступіць Аўстрыя (супраць якой і ўтвараўся правобраз саюза ў 1135 годзе), Славенія.

tunnel.ru

 1572 год. Памёр Рыгор Хадкевіч. Вялікалітоўскі дзяржаўны і вайсковы дзеяч, асветнік.

З’яўляўся ваяводай віцебскім, кіеўскім, кашталянам троцкім, віленскім, гетманам польным, вялікалітоўскім. Удзельнік Лівонскай вайны.

Прыхільнік самастойнасці Вялікага княства Літоўскага і праціўнік Люблінскай уніі.

Заснавальнік друкарні ў Заблудаве (1568), дзе працавалі першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, якія ўцяклі з Масквы. Яны надрукавалі «Евангелле вучыцельнае» з гербам Р. Хадкевіча на абароце тытульнага аркуша. Самастойна І. Фёдараў надрукаваў «Псалтыр з Часаслоўцам».

1623 год. Выбухнула Віцебскае паўстанне праваслаўных гараджан супраць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. 

Па сігнале званоў ратушы і праваслаўных цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну.

Гараджане, у тым ліку члены магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права. З горада спагнана 3 079 злотых. 

Каралеўскія камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх праваслаўных цэркваў і адліць з іх вялікі звон у памяць пра Кунцэвіча. Ратуша была разбурана. 

Затрыманы і пакараны смерцю 19 чалавек, у тым ліку 2 бурмістры і падбухторшчык паўстання – палачанін Пётра Васілеўскі, які на допыце прызнаўся, што была сувязь з праваслаўным брацтвам у Вільні. 

78 чалавек прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

1823 год. Нарадзіўся Павел Шпілеўскі. 

Беларускі этнограф, пісьменнік, публіцыст і тэатральны крытык. Кандыдат багаслоўя.

Сабраў цікавыя звесткі з археалогіі, з гісторыі гарадоў, мястэчак і вёсак Беларусі, пагаворкі, апісанні побыту, павер’яў, абрадаў і звычаяў беларускага народу, становішча сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Адзначыў самабытнасць беларускай мовы. Надрукаваў паданні пра Мянеска, паходжанне Менску.

Аўтар кнігі “Путешествие по Полесью и Белорусскому краю”.

Цэнтральная думка творчасці: беларусы – найстаражытнейшыя ў славянскім свеце.

Памёр 29 кастрычніка 1861 года. У гонар вучонага названа вуліца ў Мінску.

nashi-lyudi.by

 1868 год. Нарадзілася Ганна Місуна. Беларускі, польскі, літоўскі і расійскі геолаг.

Першая жанчына-геолаг на Беларусі і ў Расіі, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследаванні.

У 1899 годзе пачалі выходзіць яе навуковыя артыкулы пра ледавіковыя адкладанні і рэльеф Беларусі, Літвы і Польшчы. Дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу Беларусі.

Асаблівую вядомасць набылі працы па геалогіі Гродзенскай і Мінскай  губерняў, карта-даведнік будаўнічых матэрыялаў заходніх раёнаў. 

Распрацавала методыку вывучэння канцавых марэн.

Пад час яе працы дацэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, арганізавала геалагічны пакой (1919), які паступова ператварыўся ў музей.

Памерла 2 мая 1922 года.

wikimedia.org

 1885 год. Нарадзіўся Міхаіл Грамыка.  

Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу. Даследчык радовішчаў нафты.

Выхаванец Магілёўскай гімназіі.

Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе».

Удзельнік пошукаў нафты на Палессі (на падставе аналізу тапоніма Гарывада).

Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча.

Памёр 30 чэрвеня 1969 года.

1896 года. У Магілёве адбыўся землятрус у 4 балы.

Да гэтага дакументальна быў зафіксаваны землятрус 29 жніўня 1893, 4 бала. Напярэдадні і пасля гэтай даты, свойскія жывёлы паводзілі сябе неадэкватна: раўлі суткамі каровы, іржалі коні, кудысьці пахаваліся каты. Тады ніхто не мог растлумачыць прычыну такіх іх паводзін. 

Фіксаваліся хвалі карпацкіх землятрусаў 4 сакавіка 1977, 4-5 балаў, 30 мая 1990, 3-4 балы.

1902 год. Нарадзілася Таццяна Бандарчык. 

Беларуская актрыса.

У 1920 годзе на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драмгурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Янкі Купалы «Паўлінка» і выканала галоўную ролю.

Працавала ў купалаўскім, коласаўскім тэатрах, драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у Бабруйскім вандроўным.

Найбольш каларытныя характары стварыла ў беларускай драматургіі: Паланея («Прымакі» Янкі Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Якуба Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маці («Ірынка» Кузьмы Чорнага),Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка) і іншыя.

Знялася ў фільме «Руіны страляюць…»

Памерла 24 ліпеня 1974 года.

wiki.bobr.by

 1920 год. Нарадзіўся Андрэй Макаёнак. Беларускі драматург. Народны пісьменнік БССР.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п’есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».

Працаваў на камсамольскай і партыйнай рабоце, у тым ліку загадчыкам парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945-1946), у часопісах «Вожык», «Нёман».

Аўтар гумарэсак, фельетонаў, нарысаў, шматлікіх п’ес, у якіх бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва савецкай гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Яго творы ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў.

Аўтар кінааповесці «Твой хлеб», сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы», «Кандрат Крапіва», «Рагаты бастыён», «Пасля кірмашу» (1973).

Пераклаў п’есы Л. Зорына, Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, К. Сіманава і іншых.

Выдадзены яго Выбраныя творы ў 2-х і 5 тамах.

Імя драматурга носіць вуліца ў Мінску, Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка і Журавіцкая СШ Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей драматурга.

У Мінску на доме № 10 па Вайсковым завулку ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Памёр 16 лістапада 1982 года.

wikimedia.org

1947 год. Прыгавораны судом да аднаго года пазбаўлення волі галандскі жывапісец Хан ван Меегерэн – самы вядомых фальсіфікатар ХХ стагоддзя.

Ён падрабіў палотны знакамітых майстроў на 25-30 млн даляраў па цяперашнім курсе.  

У 1945 годзе ван Меегерэн трапіў пад суд па абвінавачанні ў калабарацыянізме. Яму свяціў вялікі тэрмін за продаж карцін старых галандскіх майстроў лідарам Трэцяга рэйха. Пасля двух тыдняў турэмнага зняволення ён заявіў, што насамрэч прададзеныя ім карціны з’яўляюцца падробкамі.

Для праверкі сапраўднасці галандскі ўрад змясціў Меегерэна пад арышт у спецыяльна арандаванай кватэры, дзе той павінен быў пад назіраннем напісаць падробку. Так з’явілася яго апошняя карціна – “Малады Хрыстос, які прапаведуе ў храме”.

Дзякуючы таму, што мастаку ўдалося даказаць уласнае дачыненне да фальсіфікацыі карцін, ён абышоўся мінімальным пакараннем і быў прыгавораны да аднаго года пазбаўлення волі.

Аднак жыць мастаку засталося значна менш. 30 снежня гэтага ж года ён памёр ад сардэчнага прыступу.

tunnel.ru

1958 год. Нарадзіўся Леанід Пранчак. Беларускі паэт, перакладчык.

Працаваў на Магілеўскім абласным радыё, у тэатры-студыі «Верасы», дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі, карэспандэнтам газеты «Рэспубліка» ў ЗША, мастацкім кіраўніком Тэатра-студыі беларускай эстрады.

Аўтар вершаў, аўтар кніг вершаў, кнігі «Беларуская Амерыка».

Больш за 200 вершаў паэта пакладзены на музыку. Найбольш вядомыя з іх «Даставай Язэп гармонік», «Пад зоркай Пагоні», «Каля Чырвонага касцёла», «Адзінокая жанчына», «Жыве Беларусь!», «Сумны саксафон», «Паклонніца», «Талака», «Цёмная пані», «Каханая» і іншыя.

З 2018 года вядзе масавыя судовыя працэсы аб абароне аўтарскіх правоў на свае творы. 

Займаецца маніторынгам СМІ, дапаможнікаў, друкаваных выданняў, шукаючы радкі за сваім аўтарствам. Пасля чаго падае пазоў у суд з заявай аб парушэннях аўтарскіх правоў і патрабаваннем фінансавай кампенсацыі. 

Сярод тых, з кім аўтар судзіўся: «Наша Ніва», «Звязда» «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», блогеры, бацькі дзяцей, якія спявалі песні на яго вершы і іншыя. Сярод аштрафаваных ёсць і магілёўцы.

Дзень у гісторыі. 29 кастрычніка. Палонны расійскі цар пакланіўся ў ногі каралю Рэчы Паспалітай. Пачатак Вялікай дэпрэсіі. «Чорная ноч» беларускай літаратуры і навукі. Усталяванне «Крыжа Пакут» у Курапатах. Палёт у космас самага старога астранаўта

Сусветны дзень барацьбы з інсультам2006 года). Праводзіцца з мэтай закліку да актыўных дзеянняў у барацьбе супраць гэтага захворвання. Галоўная задача акцый, якія праводзяцца ў гэты дзень, – павышэнне дасведчанасці сусветнай супольнасці, і перш за ўсё моладзі, аб праблеме інсульту, важнасці правільнага і своечасовага аказання першай дапамогі, бо менавіта своечасова аказаная першая дапамога ў многіх выпадках дапамагае не толькі захаваць жыццё, але і прадухіліць інваліднасць.

gymn41.minsk.edu.by

1611 год. Цар маскоўскі Васіль IV Шуйскі паўстаў як палонны перад Сенатам, каралём і вялікім князем Жыгімонтам Вазам у Варшаве.

Па перапоўненых радасным натоўпам вуліцах Варшавы правезлі “жывыя трафеі”: узятага ў палон цара Васіля Шуйскага, групу рускіх дыпламатаў і военачальнікаў.

Затым Шуйскага ўвялі ў каралеўскі замак і ён пакланіўся Жыгімонту ў ногі.

Ян Матэйка, “Прадстаўленне палоннага цара Васіля Шуйскага Сенату і Жыгімонту III у Варшаве ў 1611 годзе.”

  

 1861 год. Памёр Павал Шпілеўскі. 

Беларускі этнограф, пісьменнік, публіцыст і тэатральны крытык.

Сабраў цікавыя звесткі з археалогіі, з гісторыі гарадоў, мястэчак і вёсак Беларусі, пагаворкі, апісанні побыту, павер’яў, абрадаў і звычаяў беларускага народу, становішча сельскай гаспадаркі і прамысловасьці. 

Адзначыў самабытнасьць беларускай мовы. Цэнтральная думка творчасці: беларусы — найстаражытнейшыя ў славянскім свеце.

Аўтар кнігі “Путешествие по Полесью и Белорусскому краю”.

У гонар вучонага названа вуліца ў Мінску.

nashi-lyudi.by

1918 год. Нарадзіўся Іосіф Абраміс. 

Беларускі дырыжор, заслужаны дзеяч мастацтваў.

Прапрацаваў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета, Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР.

Кіраваў пастаноўкай шматлікіх опер і балетаў, у тым ліку «Баль-маскарад» і «Атэла» Дж. Вердзі, «Князь Ігар» А. Барадзіна, «Марынка» Р. Пукста, «Спячая прыгажуня» П. Чайкоўскага, «Спартак» А. Хачатурана, «Несцерка» Р. Суруса.

Памёр 29 верасня 1984 года.

На фота у цэнтры, sb.by

1929. “Чорны аўторак” на нью-ёркскай фондавай біржы – канчаткова абваліўся рынак акцый. Пачатак Вялікай дэпрэсіі.

Адбыўся на пяты дзень “біржавы ліхаманкі”.

Скалануў эканоміку ЗША і стаў “спускавым кручком” Вялікай дэпрэсіі – працяглага эканамічнага крызісу ў сусветнай эканоміцы, які афіцыйна скончыўся ў 1940 годзе. Але рэальна эканоміка ЗША стала аднаўляцца толькі пасля Другой сусветнай вайны.

Вялікая Дэпрэсія была сінхронная, усёабдымная і закранула ўсе галіны сусветнай эканомікі. Сваю назву гэты перыяд атрымаў дзякуючы эмацыйнаму стану, у якім знаходзілася грамадства. Людзі сапраўды пагрузіліся ў стан дэпрэсіўнага здранцвення.

tunnel.ru

1937 год. «Чорная ноч» беларускай літаратуры і навукі.

У Мінску расстраляны шматлікія дзеячы культуры, асветы і дзяржаўнага апарату Беларусі, усяго — каля 160 чалавек, у тым ліку літаратары  

Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Васіль Сташэўскі, Міхась Чарот, Арон Юдэльсон, 

наркомы асветы і юстыцыі Аляксандр Чарнушэвіч і Максим Ляўкоў, рэктары БДУ Ананій Дзякаў і Язэп Каранеўскі.

Поўны Спіс дзеячаў Беларусі, расстраляных 29—30 кастрычніка 1937 года можна пабачыць тут.  

images.aif.by

 1938 год. Нарадзіўся Янка Саламевіч.

Беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, бібліёграф, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук (1971). Сустваральнік і рэдактар выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя».

Увёў у навуковы ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць многіх пісьменнікаў, у тым ліку Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча.

Аўтар першага на Беларусі «Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)». Склаў бібліяграфічны даведнік «Беларускі фальклор (1926—1963)», складальнік зборнікаў, кнігі твораў многіх аўтараў.

Перакладчык на беларускую мову навуковых прац, падручнікаў, мастацкіх твораў.

Памёр 31 ліпеня 2012 года.

bis.nlb.by

 1945 год. Нарадзіўся Мікалай Казак. 

Беларускі фізік, акадэмік НАН Беларусі.  

Доктар фізіка-матэматычных навук. Дырэктар Інстытуту фізікі АН Беларусі. 

Аўтар больш як 320 навуковых прац.

wikimedia.org

1952 год. У Пінску знішчана сінагога – найстарэйшая з захаваных на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. 

Пачала будавацца ў 1506 годзе, калі пінскі князь Фёдар з жонкай Аленай з роду Алельковічаў падпісалі грамату і выдзелілі ўчастак пад сінагогу і могілкі. 

Каменная Вялікая, “Велка” сінагога належала цеху краўцоў  – “Сінагога краўцоў”. Гарэла пры асадзе казакоў Б. Хмяльніцкага ў 1648, рускіх войск 1656 года. Кожны раз аднаўлялася.  

Разабрана на цэглу.

pinsk-history.ru

1969 год. Нараджэнне Інтэрнэту (Internet, ад Interconnected Networks). 

У 21:00 паміж двума першымі вузламі сеткі ARPANET, якія знаходзіліся на адлегласці ў 640 км — у Каліфарнійскім універсітэце Лос-Анджэлеса і ў Стэнфардскім інстытуце — правялі першую перадачу дадзеных. Перадалі ўсяго 2 сімвалы «LO» (планавалася перадаць «LOG» – LOGIN).

Кожны трэці зямлянін карыстаецца сецівам.

Сучасны Інтэрнэт мае таксама мноства сацыяльных  і культурных аспектаў. Інтэрнэт — гэта адбітак сучаснага грамадства і светапогляду.

Разам з Інтэрнэтам з’явіліся Інтэрнэт супольнасці (сацыяльныя сеткі), Інтэрнэт-залежнасць, Інтэрнэт-знаёмствы, Кіберпанк.

wikimedia.org

1989 год. На Дзяды ў Курапатах адбыўся мітынг у памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. 

Шматтысячная калона людзей  прайшла ад Усходніх могілак да Курапат, дзе  адбыўся мітынг-рэквіем па забітых, устаноўлены сяміметровы «Крыж Пакуты». 

У той дзень усе прысутныя верылі, што, падымаючы гэты крыж над магіламі нявінна забітых, мяняецца наша краіна, што больш такое на нашай зямлі не паўторыцца.

Курапаты – сімвал барацьбы за незалежнасць, супраць камуністычнай ідэалогіі.

Пасля прыходу да ўлады А. Лукашэнкі было здзейснена некалькі спробаў прынізіць гістарычную каштоўнасць курапацкіх пахаванняў і даказаць, што расстрэлы ў тут праводзілі фашысты.

7 кастрычніка 2007 года вандаламі знішчаны «Крыж пакут».

6 лістапада 2018 года з санкцыі Міністэрства культуры быў устаноўлены памятны знак: канструкцыя са звонам, на якую нанесены надпісы на чатырох мовах, афіцыйных у даваеннай БССР (беларуская, руская, ідыш і польская).

vytoki.net

1998 год. У ЗША паляцеў у космас самы стары астранаўт –  Джон Глен. 

Ён адважыўся паляцець ва ўзросце 77 гадоў і 103 дні. 

Гэта быў яго другі палёт, бо ў першы раз у космас ён лётаў 20 лютага 1962 года. 

Джон Глен – першы амерыканскі астранаўт і трэці ў свеце пасля савецкіх касманаўтаў Юрыя Гагарына і Германа Цітова.

tunnel.ru

2017 год. Памёр Георгій Паплаўскі.

Беларускі графік, жывапісец. Народны мастак Беларусі.

Акадэмік НАН Беларусі, Акадэміі мастацтваў СССР, Расійскай Акадэміі мастацтваў. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Кіраўнік «Творчых акадэмічных майстэрняў графікі» Міністэрства культуры.

Мастак шырокага дыяпазону, валодаў тэхнікамі лінагравюры, літаграфіі, афорта, сухой іголкі, малюнка пяром.

Афармляў творы  Я. Купалы, Я. Коласа (Дыплом “Найпрыгажэйшая кніга свету”, Лейпцыг, 1968, за  кнігу «Новая зямля»), А. Куляшова, В. Быкава, А. Адамовіча, школьныя падручнікі.

Узнагароджаны многімі міжнароднымі дыпломамі, медалямі.

wikimedia.org