1858 год. Нарадзіўся Эдвард Пякарскі.
Беларускі этнограф, географ, фалькларыст. Акадэмік АН СССР, Сакратар Аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства, аўтар прац па этнографіі якутаў і эвенкаў, складальнік слоўніка якуцкай мовы, «бацька» якуцкай літаратуры.
За ўдзел у народніцкім руху быў сасланы ў Якуцію (1881).
Даследаваў геаграфію, фальклор і мову, супрацоўнічаў з Усходне-Сібірскім аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства.
Памёр у 1934 годзе. Пахаваны на ленінградскіх Смаленскіх лютэранскіх могілках.
1868 год. Нарадзіўся Карл Грыгаровіч.
Беларускі скрыпач і педагог. Інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.
Гастраляваў па свеце: Амерыка, Азія, Афрыка.
Прафесар Маскоўскага філарманічнага вучылішча, Віцебскай народнай кансерваторыі, першая скрыпка ў квартэце герцага Мекленбургскага.
Арыштаваны ў 1921 годзе і прысуджаны да 3 гадоў прымусовых работ.
Да гэтага часу незразумела, памёр ён ад голаду ў заключэнні або быў расстраляны ў 1921 годзе.
musicseasons.org
1884 год. Нарадзіўся Сяргей Дубінскі.
Беларускі археолаг і гісторык.
Разам з Аляксандрам Ляўданскім закладаў асновы беларускай археалогіі.
Даследаваў помнікі ранняга жалезнага веку і сярэднявечча Беларусі, у тым ліку Магілёўшчыны, гарадзішча Банцараўшчына.
Аўтар першых археалагічных карт Магілёўскай вобласці, Беларусі, першай бібліяграфіі па археалогіі Беларусі і сумежных краін.
У 1937 годзе абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы і расстраляны.
1932 год. Нарадзіўся Уладзімір Анісковіч.
Беларускі літаратурны крытык, перакладчык
Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, у рэдакцыях часопісаў «Нёман», «Родная прырода», газеты «Літаратура і мастацтва», у выдавецтве «Юнацтва».
Перакладчык з балгарскай мовы твораў І. Давыдкава, С. Страціева , А. Стаянава, Б. Апрылава, Н. Хайтава, Д. Цончава, І. Радзічкава, І. Мілева і іншых аўтараў.
1933 год. У Полацку нарадзілася Нінэль Шчасная.
Беларускі жывапісец і графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
Працавала ў станкавым жывапісе, кніжнай і станкавай графіцы, манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Аформіла шэраг кніжных выданняў.
Аўтар партрэтаў І. Мележа, У. Дубоўкі, І. Шамякіна, Цёткі, А. Макаёнка, М. Танка, Янкі Купалы, М. Багдановіча, Еўфрасінні Полацкай, Ф.Скарыны, П. Мсціслаўца і іншых выбітных ураджэнцаў Беларусі.
1934 год. Ва Уругвае нарадзіўся Карлас Шэрман.
Беларуска-іспанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца.
Нарадзіўся ў сям’і выхадца з Заходняй Беларусі.
Загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР, віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра.
Перакладчык іспанамоўных аўтараў: Г. Гарсія Маркеса, Н. Гільена, Ф. Піта Радрыгеса і іншых.
З беларускай на іспанскую пераклаў асобныя творы А. Куляшова, М. Танка, І. Шамякіна, В. Быкава, Я. Купалы, Я. Коласа, Р. Барадуліна і іншых.
Аўтар кніг, зборнікаў паэзіі.
Памёр у 2005 годзе.
1936 год. У Магілёве нарадзіўся Віктар Тураў.
Беларускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Народны артыст Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій СССР, Польшчы, кінафестываляў.
Вязень канцлагера на Рэйне.
Этапнымі яго работамі былі экранізацыі «Палескай хронікі» І. Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», апавядання І. Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава».
Сярод ваеных і гістарычных фільмаў найбольш значныя: «Я родам з дзяцінства», «Сыны ідуць у бой», «Пераправа», «Чорны бусел», «Шляхціц Завальня».
Здымаў фільмы з удзелам Ул. Высоцкага, з якім сябраваў.
Уключаны ЮНЕСКА ў лік 50 кінематаграфістаў свету, з якіх складаўся Ганаровы камітэт па святкаванню 100-годдзя кінематаграфіі.
wikimedia.org
1939 год. Нарадзіўся Яўген Штоп.
Беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.
Працаваў артыстам Белдзяржфілармоніі, дырэктарам Ваўкавыскага Дома культуры, балетмайстрам-постаноўшчыкам Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі.
Стваральнік і першы мастацкі кіраўнік ансамбля песні, музыкі і танца «Белыя росы» Гродзенскай абласной філармоніі.
grodnonews.by
1942 год. Памёр Хвядос Шынклер.
Беларускі пісьменнік і сцэнарыст.
Удзельнік літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст», транспартнай жлобінскай газеце «Ударнік», у рэдакцыях «Літаратура і мастацтва» і «Полымя».
Аўтар многіх зборнікаў апавяданняў, аповесцей, кніг, п’ес.
Выступаў з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі.
wikimedia.org
1952 год. Нарадзіўся Аляксандар Карабанаў.
Беларускі геолаг. Акадэмік НАН Беларусі.
Доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар. Лаўрэат Прэміі НАНБ за цыкл прац «Разломы і лінеаменты зямной кары Беларусі». Дырэктар Інстытута прыродакарыстання.
Выхаванец геаграфічнага факультэта БДУ.
Распрацаваў спосаб рэканструкцыі амплітуд неатэктанічных рухаў старажытнамацерыковага абледзянення і канцэпцыю неатэктанічнага развіцця і найноўшай геадынамікі тэрыторыі Беларусі.
Выканаў неатэктанічнае раянаванне Заходняй і Цэнтральнай Еўропы
Аўтар 250 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій, уключаючы «Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі».
Памёр у 2019 годзе.
csl.bas-net.by
1991 год. У Нью-Ёрку памёр Міхась Міцкевіч.
Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, малодшы брат Якуба Коласа.
Удзельнік нацыянальнага руху Беларусі, выкладчык Мінскай беларускай гімназіі.
З 1944 года ў эміграцыі. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША, член рэдакцыі часопіса «Беларус», рэдактар часопіса «Голас Царквы».
Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.
У яго гонар Якуб Колас назваў свайго малодшага сына Міхася (1926-2020).
2022 год. Сонечнае зацьменне.
У выпадку яснага надвор’я паміж 12:24 і 14:51 можна будзе назіраць сонечнае зацьменне ў Беларусі, іншых краінах Еўропы, Блізкага Усходу, Цэнтральнай Азіі, на паўночным усходзе Афрыкі, у паўночна-ўсходняй частцы Атлантычнага акіяна.
Гэтае зацьменне будзе частковым, дыск Месяца не закрые Сонца поўнасцю.
Наступнае зацьменне Сонца адбудзецца 20 красавіка 2023 г. і будзе поўным, але яго паласа па тэрыторыі Беларусі не пройдзе.
Усе назіранні за Сонцам неабходна праводзіць з выкарыстаннем сонечнага святлафільтра.
root-nation.com