Дзень у гісторыі. 13 кастрычніка. Трэці падзел Рэчы Паспалітай. Дзень нараджэння патрыётаў Беларусі мецэната Эдварда Вайніловіча, мастака Язэпа Драздовіча

Міжнародны дзень за зніжэнне стыхійных бедстваў (з 1989 года) прысвечаны здольнасці людзей і супольнасцяў ва ўсім свеце кіраваць рызыкай бедстваў.

Бедствы, што выкліканыя прыроднымі або тэхналагічнымі працэсамі, закранаюць мільёны людзей ва ўсім свеце. 

ЮНЕСКА ажыццяўляе канцэптуальны пераход ад рэагавання на бедствы да дзеянняў, якія папярэднічаюць бедствам, і аказвае краінам дапамогу ў нарошчванні іх патэнцыялу ў галіне кіравання рызыкамі, звязанымі з бедствамі і змяненнем клімату.

За мінулы 2021 год адбылося 432 катастрофы, якія звязаны з небяспечнымі прыроднымі з’явамі ва ўсім свеце. Іх эканамічная шкода склала 252 мільярды даляраў ЗША. 44% бедстваў былі звязаныя з паводкамі.

Мэтавай задачай на 2022 год з’яўляецца задача “Значна палепшыць сітуацыю з наяўнасцю сістэм ранняй абвесткі, якія ахопліваюць розныя віды пагроз, інфармацыі і адзнак адносна рызыкі бедстваў і пашырыць доступ да іх людзей да 2030 года”.

1795 год. У Санкт-Пецярбургу ўпаўнаважаныя Аўстра-Венгрыі, Прусіі і Расіі падпісалі канвенцыю аб Трэцім падзеле Рэчы Паспалітай.

Рэч Паспалітая Абодвух Народаў знікла з карты Еўропы як дзяржаўнае ўтварэнне.

Тэрыторыя Беларусі цалкам апынулася ў складзе Расійскай імперыі.

https://posmotrim.by/pics/37b21e54e.jpg

1847 год. Нарадзіўся  Эдвард Вайніловіч.

Гаспадарчы і палітычны дзеяч Беларусі і Расійскай імперыі. Патрыёт Беларусі. Лідар дваран літоўска-беларускіх губерняў.

Фундатар касцёлу Св. Сымона і Алены (Чырвоны), праваслаўных цэркваў. Заснавальнік камітэта абароны яўрэяў і татар.

Кіраўнік дэпутацкай фракцыі «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі» у Дзяржсавеце.

Фінансава падтрымаў Беларускі Нацыянальны камітэт, член Рады БНР. Катэгарычна выступаў супраць паланізацыі беларускамоўнага насельніцтва Польшчы. 

Памёр у Польшчы ў 1928 годзе. 11 чэрвеня 2006 г. урачыста перапахаваны ў  Мінску каля Чырвонага касцёла.

1888 год. Нарадзіўся Язэп Драздовіч.

Беларускі мастак, скульптар, этнограф. 

Мастацтвазнаўца Надзея Усава падкрэслівае значнасць Драздовіча як першага нацыянальнага мастака, народнага філосафа-ўтапіста, самабытнага і арыгінальнага мастака-візіянера выключнай асобы для культуры Беларусі.

Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Аўтар  зборніка «Песні Дзісеншчыны», вершаў, прозы, гістарычных аповесцяў, паэм, апісаў падзеі VI- XX ст.

Яго графічныя малюнкі ўпрыгожылі падручнік геаграфіі А. Смоліча (1919).

У гонар мастака названы вуліцы ў Мінску, Оршы, Маладзечне, Глыбокім, Шаркаўшчыне, Радашковічах, Навагрудку. Пастаўлены помнікі ў Мінску і Глыбокім.

Памёр у 1954 годзе.

1896 год. Нарадзіўся Мікола Шчакаціхін.

Мастацтвазнавец, гісторык, тэарэтык мастацтва. Адзін з заснавальнікаў беларускага мастацтвазнаўства.

Даследаваў выяўленчае мастацтва і архітэктуру Беларусі ад старажытнейшых часоў да сучаснасці, у тым ліку мастацтва кніг Ф. Скарыны, творчасць беларускіх мастакоў.

Аўтар «Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва».

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Памёр у ссылцы ў 1940 годзе.

У гонар вучонага ў Мінску на вул. Валадарскага, 24  устаноўлена мемарыяльная дошка.

1896 год. Нарадзіўся  Мікалай Шчаглоў-Куліковіч

Беларускі кампазітар, музыколаг, этнограф, паэт. Дзеяч беларускага руху ў эміграцыі.

Аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”.

Адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну; быў аўтарам опер, сімфоній, вакальных твораў, апрацовак народных песень.

1937 год.  НКУС быў расстраляны Антон Баліцкі. 

Беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. 

Народны камісар асветы БССР у 1926-1929 гадах, адзін з актыўных дзеячаў палітыкі беларусізацыі ў БССР.

Удзельнік стварэння сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі БССР. Аўтар артыкулаў па пытаннях нацыянальнай і культурнай палітыкі. Правадзейны сябра Інбелкульта, старшыня секцыі беларускай мовы і літаратуры.

1979 год. Памёр Дзмітрый Лукас

Беларускі кампазітар.

Аўтар шэрагу опер, у т.л. «Кастусь Каліноўскі», твораў для салістаў, хора і аpкестраў, да драматычных спектакляў і фільмаў, у тым ліку «Нестерка», апрацовак беларускіх народных песень.

1986 год. Памёр Андрэй Бембель. 

Беларускі скульптар. Народны мастак Беларусі.

Прафесар і загадчык кафедры скульптуры ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Аўтар бюстаў, аздаблення залы пасяджэнняў Дома ўрада, інтэр’ераў залы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Дома Чырвонай арміі, павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве.

Аўтар дэкаратыўных рэльефаў ляпнін у глядзельных залах Тэатра оперы і балета БССР і тэатра імя Я. Купалы, гарэльефа «9 Мая 1945 года»  галоўнага фасада Манумента Перамогі ў Мінску.

Адзін з аўтараў Кургана Славы Савецкай Арміі (1969), мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1971).

Працаваў над праектам помніка героям Сталінграда, барэльефам «Беларускія партызаны», партрэтамі многіх Герояў Савецкага Саюза, Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, вучоных, гістарычных дзеячаў.

У Віцебску на доме, дзе жыў мастак, усталявана мемарыяльная дошка.

2001 год. Памёр Максім Лужанін (Аляксандр Каратай). 

Беларускі паэт, празаік, кінадраматург, перакладчык. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы.

У 1933 годзе быў рэпрэсаваны. Вязень ГУЛАГу.

Пасля вайны працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Вожык», галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1967-1972).

Аўтар двух дзясяткаў зборнікаў і кніг вершаў, паэм, прозы, гумару. Выступаў як крытык і публіцыст.

Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Паўлінка», «Народны паэт», «Першыя выпрабаванні», «Запомні гэты дзень» (разам з А. Куляшовым).

На беларускую мову пераклаў асобныя творы рускіх класікаў, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі.