Адзіны ў Беларусі дзіцячы калядны абрад “Куры” правялі ў Клічаве

У Клічаве адбыўся ўнікальны дзіцячы калядны абрад “Куры”. Праводзіў яго на вуліцах горада фальклорны ансамбль “Купалачка”, які пад кіраўніцтвам Наталлі Коктыш з 2006 года займаецца адраджэннем даўняй мясцовай традыцыі. 

Вясёлая шумная зграйка дзяўчат рознага ўзросту хадзіла ад дома да дома па Клічаву з традыцыйнай песняй «Гэй, куры, куры». “Куры”, або “кураняты”, як называюць удзельнікаў абраду, стукалі ў вокны, потым выконвалі гаспадарам святочныя песні, а тыя ў падзяку частавалі дзетак. 

Важна адзначыць, што калядны абрад «Куры» звязаны з правядзеннем так званых Святак – зімовых свят ад Нараджэння Хрыстова да Вадохрышча і праводзіцца штогод на Шчодры вечар 13 студзеня. Абрад унікальны тым, што ўдзельнічаюць у ім толькі дзеці (ва ўзросце ад 6 да 14 год). Гэта адзіны дзіцячы калядны абрад, які захаваўся ў Беларусі. Яшчэ адна цікавая асаблівасць традыцыі – у калядным гурце няма традыцыйных для калядавання масак-персанажаў – тут не водзяць ні казу, ні мядзведзя, ні каня. Дзяўчынкі і хлопчыкі апранаюцца ў абрадавае адзенне, упрыгожваюць калядную зорку, з песнямі ідуць па вёсцы і, падыходзячы да хат, пяюць калядныя святочныя песні, сярод якіх ёсць спецыяльная песня «Куры». 

Гаспадары хаты ў сваю чаргу частуюць удзельнікаў гурту ежай – смажанымі блінамі, салам і цукеркамі. Абрад завяршаецца з заходам сонца. Абрадавая дзея звязана з спецыяльнымі абрадавымі атрыбутамі: касцюмам, каляднай зоркай і свячой, якая гарыць у каляднай зорцы каля абраза Божай Маці. 

Удзельнікамі абраду ў свой час у дзяцінстве было не адно пакаленне жыхароў вёсак Дзмітраўка, Віркаў і Нясета. Многія з іх сёння – бабулі і дзядулі, бацькі, старэйшыя сёстры – з энтузіязмам распавядаюць сучасным удзельнікам каляднага гурту як трэба калядаваць, перадаюць ім песні, расказваюць парадак дзеянняў. 

Калядны абрад «Куры» па-ранейшаму з’яўляецца актуальнай культурнай з’явай, перадаецца з пакалення ў пакаленне і прызнаецца супольнасцю сваёй нематэрыяльнай каштоўнасцю. Між іншым, абрад “Куры” быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў 2013 годзе.

Фота: mogilevnews.by, library.mogilev.by 

Старадаўні калядны абрад Шчадрыца адрадзілі ў Магілёўскім раёне

Старадаўні калядны абрад “Шчодрыца” – Шчодры вечар, або Шчадрэц – адрадзілі ў аграгарадку Кадзіна Магілёўскага раёна.

Удзельнікамі абраду сталі выхаванцы тэатральнага гуртка, школьнікі мясцовай школы і работнікі Кадзінскага дома культуры.

Калядныя абрады праводзяцца па ўсёй Беларусі, але ў кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці. Па традыцыі на стары Новы год калядоўшчыкі вялікім і вясёлым гуртом ходзяць па хатах суседзяў, водзяць Казу і Мядзведзя, танчаць і спяваюць шчадроўкі – хвалу гасцінным гаспадарам, варожаць.

Асаблівасцю Шчадраца ў Магілёўскім раёне стала забытая традыцыя перадачы дзяўчатамі адна адной свечкі-шчодрыцы – абярэга ад адзіноты.

Гісторыю абраду захавала жыхарка Кадзіна Ніна Пятрэня.

– Свечку прыносілі ў хату той прыгажуні, якая хацела выйсці замуж. – тлумачыць хармейстар раённага цэнтра культуры Ірына Якаўлева – Лічылася, што шчодрыца дапамагала ва ўладкаванні асабістага шчасця. Свечка перадавалася з хаты ў хату толькі ў Шчодры вечар і заставалася ў незамужняй дзяўчыны на цэлы год – да наступнага свята. Лічылася, што за гэты перыяд яна абавязкова павінна сустрэць наканаванага. Дарэчы, кожная дзяўчына ўпрыгожвала свечку самастойна – рабіла для яе своеасаблівую карункавую або атласную спаднічку”.

Традыцыйна Каляды былі самым спрыяльным часам для варажбы – усе вечары са Шчодрай Каляды да Вадохрышча дзяўчыны толькі гэтым і бавілі час. Аднак свечка-абярэг у варожбах не ўдзельнічала, з ёй было прынята мець зносіны сам-насам: прасіць дапамогі праз малітву аб любым і вырашэнні сардэчных спраў.

Самае галоўнае вясёлае музычнае дзейства ў Кадзіна па традыцыі разгарнулася на сельскіх вуліцах. Вялікі і шумны гурт на чале з Калядай, Казой і гарманістам спявалі песні-калядкі і зазіралі ў кожны дом. У стракатым натоўпе пераапранутых былі заўважаны Мядзведзь, цыганы, Механоша, пераапранутыя неслі ўпрыгожаную рознакаляровымі стужкамі “калядную зорку”.

Калядоўшчыкі ўваходзілі ў хаты са словамі: “Мы – людзі не простыя, з далёкага краю, ідзём вакол святла ажно ад пана Лета. Не адны ідзём, свечку-шчодрыцу з сабой нясем!” Дзяўчына, якая жыве ў гэтым доме прымала свечку, прыбірала і несла да бажніцы. З малітвай яе ставілі пад выявы: “Свяці-свяці, Шчодрыца, шчасце хай памножыцца!”

Як толькі вясёлая гурма трапляе ў хату, пачынаецца жартоўнае паданне па класічных канонах.

Ніводнае беларускае народнае свята не абыходзіцца без музыкаў. На свяце ў Кадзіна сярод усіх музычных інструментаў вылучаўся незвычайны самаробны “бусел”. 

 

Яго прыдумаў і зрабіў акампаніятар Падгорскага клуба Магілёўскага раёна Віктар Пастухоў. Гэта шумавы інструмент, якога больш няма ў Беларусі. Каб ён загучаў, варта ўсяго толькі стукнуць ім аб зямлю, як кіем. Яго асновай стаў раздвоены сук, паміж галінамі якога нацягнута струна з маленькімі талерачкі. Унізе на ножцы прылады прадугледжана гумка, каб стук быў мякчэйшым. Уверсе прымайстравана “бусліная” галава з доўгім носам.

У наступным годзе Віктар Пастухоў хоча зрабіць “саву” са званочкамі і бразготкамі – яшчэ адну музычную навінку.