Кампанія з Украіны «Метінвест» ліквідуе сваю структуру ў Беларусі

Горна-металургічная група «Метінвест» пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне прыняла рашэнне аб закрыцці сваіх падраздзяленняў у Расіі і Беларусі. Цяпер у гэтых краінах засталіся збытавыя структуры: беларуская «Метінвест Дыстрыбуцыя» і расійская «Метінвест Еўразія».

«Там засталіся аперацыйныя каманды, якім дадзены інструкцыі па ліквідацыі», – паведамляе генеральны дырэктар кампаніі Юрый Рыжанкоў, якога цытуе інфармацыйная кампанія «Інтерфакс-Україна».

ichef.bbci.co.uk

Па яго словах, у беларускай і расійскай структурах працавалі топ-менеджэры, менеджэры, спецыялісты, якія былі грамадзянамі Беларусі ці Расіі. Многія з іх адрабілі ў кампаніі больш за 10 гадоў. Пасля 24 лютага работнікі або былі звольненыя, або звольніліся самі. Цяпер засталіся адзінкі.

Галаўныя прадпрыемствы кампаніі месціліся ў цяпер акупаваным расійскімі войскамі Марыупалі. Заводы зазналі сур’ёзныя разбурэнні і ацэнка стратаў можа быць вызначаная па вызваленні гораду ад расіян.

У структурах «Метінвеста» у Марыупалі працавалі 35 тысяч чалавек. З іх прыкладна палова выйшлі на сувязь з кампаніяй, большая частка выехала на тэрыторыю, падкантрольную Украіне. Больш за тысячу ўладкаваныя на прадпрыемствы групы, яшчэ 2 тысячы праходзяць перападрыхтоўку – чакаецца, што яны далучацца да калектываў у Запарожжы, Каменскім і Крывым Рогу.