Дзень у гісторыі. 26 верасня. Дзень кантрацэпцыі. Рускія захопнікі спалілі Пінск. Дзень нараджэння міністра юстыцыі Івана Ветрава, літаратараў Уладзіміра Агіевіча і Навума Кісліка. Утварэнне курортнага пасёлка Нарач, запуск Чарнобыльскай АЭС. На Магілёўшчыне знесена самае вялікае курынае яйка – 182 грамы

Сусветны дзень кантрацэпцыі (World Contraception Day, з 2006 года). Праводзіцца пад дэвізам: «Кантрацэпцыя: ваша жыццё, ваша адказнасць».

Гэты дзень павінен прыцягнуць увагу ўладаў і грамадскасці да праблем, якія ўзнікаюць з прычыны недастатковага палавога выхавання і грэбавання сродкамі кантрацэпцыі.

Еўрапейскі дзень моў (з 2001 года, абвешчаны Саветам Еўропы падчас Еўрапейскага года моў). 

Паняцце еўрапейскія мовы больш шырокае, гэта не толькі афіцыйныя мовы краін-членаў Еўрасаюза. Асноўная мэта дня — заахвочванне да вывучэння і засваення розных моў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцця чалавека.

Асабліва падкрэсліваецца неабходнасць вывучэння некалькіх замежных моў, а не толькі англійскай, якая абсалютна дамінуе, засмечваючы шматлікія мовы непатрэбнымі запазычаннямі.

1629 год. У Альтмарку (Польшча) падпісана перамір’е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй. 

Скончылася вайна 1600-1629 гадоў. 

Яна распачалася пасля таго, як польскі і шведскі кароль Жыгімонт III Ваза ў 1600 годзе ўключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай.

Рэч Паспалітая страціла ўсе балтыйскія парты, акрамя Караляўца, Гданьска і Пуцка, усю Ліфляндыю да Заходняй Дзвіны. 

1655 год. Пад час руска-польскай вайны 1654—1667 года, рускія захопнікі на чале з Ф. Валконскім разрабавалі і спалілі Пінск. 

Багаты горад прыйшоў у заняпад.

1905 год. У в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Іван Ветраў

Беларускі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі. 

Заслужаны юрыст, Заслужаны работнік культуры.

Працаваў на партыйнай і савецкай рабоце ў розных месцах, у тым ліку ў Мсціслаўскім, Чэрыкаўскім раёнах, у Магілёве. 

Пракурор, міністр юстыцыі БССР.

1910 год. Нарадзіўся Уладзімір Агіевіч

Беларускі літаратуразнаўца, паэт, перакладчык.

Выхаванец Магілёўскага педінстытута (1937). 

Аўтар вершаў, даследчык творчасці  Я. Купалы і Я. Коласа, пасляваеннай беларускай паэзіі, кніг для чытання для школ рабочай і сельскай моладзі.

1925 год. Нарадзіўся Навум Кіслік

Беларускі пісьменнік і перакладчык.

Аўтар шэрагу кніг паэзіі. Кнігі выбранай паэзіі выйшлі ў 1975 і 1985 гадах.

Сваімі перакладамі пазнаёміў рускамоўную аўдыторыю з творамі І. Мележа, У. Караткевіча,  Я. Купалы,  Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, Р. Барадуліна, М. Танка і шматлікіх іншых.

1964 год. Памёр Сендэр Палеес.

Беларускі мастацтвазнаўца, гісторык і публіцыст. Супрацоўнік Інстытута беларускай культуры.

Актыўны дзеяч беларускіх габрэйскіх арганізацый, яўрэйскага гісторыка-этнаграфічнага таварыства, даследчык яўрэйскай культуры.

Арганізатар  яўрэйскага аддзела народнага побыту пры Беларускім дзяржаўным музеі ў Мінску. Склаў апісанне яўрэйскіх культурна-гістарычных помнікаў у Беларусі.

1964 год. На беразе возера Нарач утвораны санаторна-курортны пасёлак Нарач. 

Адзіны ў краіне з такім статусам, мае 3,5 тысячы жыхароў. 

Заснаваны з вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі. 

У бліжэйшай в. Нарач, якая вядома з ХV стагоддзя як Кабыльнік, праводзілася па пяць гадавых кірмашоў.

Ужо ў 1920-я гады тут працавалі гатэлі, турбазы, яхт-клубы, кінатэатр, тэатральная сцэна. 

Нарач добрым словам ўспамінаюць французы: наступ у гэтым раёне на кайзераўскія войскі ў сакавіку 1916 года выратаваў Парыж ад захопу немцамі.

1973 год. Памёр Тарас Сайка

Пастар баптыстаў у Канадзе. 

Удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагодзя ў Паўночнай Амерыцы. Мецэнат.

Адзін з арганізатараў і каардынатараў Беларускага біблейскага камітэта па справе перакладу Бібліі на беларускую мову.

1977 год. У СССР, на мяжы УССР і БССР, запушчаны першы энергаблок Чарнобыльскай АЭС імя У. Леніна. 

Электрастанцыя стала сусветнавядомай па найбуйнейшай тэхнагеннай аварыі ў гісторыі чалавецтва, што адбылася 26 красавіка 1986 года. 

У выніку аварыі радыёнуклідамі было забруджана 23% тэрыторыі Беларусі з 2,2 млн жыхароў.

2019 год. Самае вялікае курынае яйка знесена ў Беларусі на птушкафабрыцы агракамбіната “Прыдняпроўскі” Магілёўскага раёна. 

Вага гіганта – больш за 182 грамы. 

Папярэдні беларускі рэкорд быў устаноўлены ў Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе (160 грамаў). 

У Кнізе рэкордаў Гінэса да гэтага  самым вялікім лічылася яйка ад курыцы з Зестафонскага раёна Грузіі – 170 грам.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў