Як пісалі Магілёў.media, у дачным пасёлку “Пушча”, які знаходзіцца на Лахве паміж Мяжысеткамі і Досавай Сялібай, адбыўся напад рысі на людзей. Жывёла пакусала рукі аўтамабілісту і была застрэленая выратавальнікамі.
Урач-эпідэміёлаг аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Марозава у сваім інтэрв’ю mogilevnews.by паведаміла, што ў драпежніка было выяўлена шаленства.
– Пацярпелыя шпіталізаваны, зараз ім праводзіцца курс антырабічных прышчэпак супраць шаленства. – распавяла Наталля Марозава.
Адначасова сітуацыю з рыссю ў садовым таварыстве “Пушча” абмяркоўвалі на адным з папулярных магілёўскіх тэлеграм-каналаў. Карыстальнік пад нікам DK, відавочна абазнаны ў сітуацыі, напісаў:
“Яна там ужо гады 2 жыла каля крамы ў лесе. Хутчэй за ўсё нехта ўзяў кацянём, потым зразумеў, што драпежнік і выкінуў яе. Яна, каб дзікая была, пайшла б у лес, патомствам абзавялася… А яна нават паляваць не ўмела, максімум якога ката ці сабачку зловіць. У той частцы “Пушчы” ў апошні час сабакі перасталі тусавацца. Ёй людзі хлеб падкідвалі. А яна абыякава да ўсяго ставілася, можа і хварэла. Там мужык прыехаў, якога яна за руку ўкусіла, а яна ляжала пад каляінай каля калодзежа, ну і да яго пад машыну залезла. А ён яе палкай пачаў адтуль выкалупваць, вось яна і кусанула яго… Наогул шкада, вядома. Кацяра, толькі вялікая. Хтосьці прыручыў, а потым выкінуў…”
Фота: Прэс-служба Міністэрства па надзвычайных здарэннях