Не хочуць заставацца рускімі. У Латвіі пачасціліся выпадкі змены нацыянальнасці

Вайна ва Украіне паўплывала на тое, што сёлета жыхары Латвіі сталі актыўней мяняць прозвішча і нацыянальнасць, імкнучыся пазбавіцца сувязі са славянскімі каранямі.

Паводле Міністэрства юстыцыі, за сёлетнія восем месяцаў імя, прозвішча або нацыянальнасць памянялі 1365 чалавек. Нацыянальнасць пажадалі змяніць 76 чалавек. Летась такіх выпадкаў было 20. Часцей за ўсё запіс «рускі» мяняюць на «латыш», «украінец», «яўрэй», «немец», ці «паляк», піша выданне Delfi.lv.

“Людзі, як правіла, паказваюць, што іх вельмі хвалююць падзеі ва Украіне, і яны баяцца, што іх прозвішча можа негатыўна паўплываць на адносіны са сваякамі, сябрамі і суседзямі, ці тое, што яны нават могуць страціць працу. Таму, нярэдка жыхары жадаюць памяняць імя ці прозвішча на балтыйскія. Да таго ж, іх прасцей выкарыстоўваць за мяжою”, – даводзіць супрацоўніца Міністэрства юстыцыі Солвіта Саўкума-Лаймеры.

Часцей за ўсё, мяняюць асабістыя дадзеныя жанчыны. Ад агульнай колькасці жыхароў за восем месяцаў бягучага года змянілі імя 76 працэнтаў жанчын і 24 працэнты мужчын. Нацыянальнасць памянялі 63 працэнты жанчын і 37 працэнтаў мужчын.

У Бялынічах з больніцы спрабаваў збегчы расіянін з нарказалежнасцю. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа, а сам ён у СІЗА

У адзежы хворага міліцыя адшукала папулярны ў моладзі хімічны наркотык – альфа-PVP. Супраць яго распачатая крымінальная справа за незаконны абарачэнне наркатычных сродкаў.

Паводзіны 21-гадовага пацыента бялыніцкай больніцы тамтэйшыя медыкі называюць неадэкватнымі. Ён кідаўся на ўрачоў і спрабаваў уцякаць, кажуць яны.

З цяжкай інтаксікацыяй хворага перавезлі ў лякарню абласнога цэнтру і да ложка прывязалі спецыяльнымі рамянямі. Аналіз пацвердзіў падазрэнні медыкаў, што пацыент – солевы наркаман, піша газета «Зара над Друццю».

У адзежы маладога чалавека міліцыянты адшукалі 0,051 грамаў альфа-PVP, які маладзёны называюць «хуткасць»і «зомбі». Супраць яго распачалі крымінальную справу па 1 частцы 328 артыкулу – «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

На допыце малады чалавек прызнаўся, што перыядычна ўжывае солевыя наркотыкі.

«Паколькі малады чалавек – грамадзянін Расіі, каб ён не схаваўся за мяжой напярэдадні суда, парушальніка беларускага заканадаўства з бальнічнага ложка пад вартай адправілі ў Магілёўскае СІЗА», – піша бялыніцкая раёнка.

Расіяніну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

фота: medlux.net.ua