На васьмі пляжах Магілёўшчыны абмежавалі купанне – вось на якіх

Беларуская Санэпідэмслужба з наступленнем спёкі абнавіла спіс пляжаў па Беларусі, на якіх забаронена купацца, альбо ўведзеныя абмежаванні для наведвальнікаў. У Магілёўскім рэгіёне пад такія абмежаванні патрапілі восем пляжаў, на трох з іх купацца забаронена ўвогуле.

Так, забаронена купацца на вадасховішчы ў пасёлку Брады ў Магілёве, на пляжы ў Палыкавічах і на рацэ Проня ў Дрыбіне каля аўтамабільнага маста.

Магчымасць купацца на пляжы Святога возера ў Магілёве прыпыненая.

Таксама абмежавана купанне дзяцей на гарадскім пляжы Магілёва на рацэ Дняпро, у зонах рэкрэацыі Вільчыцкага вадасховішча ў аграгарадку Вільчыцы Магілёўскага раёна, на вадасховішчы Рудэя ў раёне аграгарадка Гарбавічы Чавускага раёна, у месцы адпачынку на рацэ Осліўка каля базы адпачынку «Глухарыны ток» Бялыніцкага раёна.

Фота: mogilev.media 

 

Пад Магілёвам дачнікі захапілі доступ да вады на рэчцы Рудэя – пракуратура

Самавольна ўзведзеныя пірсы, закрытыя на замок, былі выяўлены работнікамі пракуратуры Магілёўскай вобласці на берагавой лініі рэчкі Рудэя. Масткі для рыбалкі альбо прычалы былі агароджаныя металічным парканам і выкарыстоўваліся дачнікамі садовага таварыства “Прыдняпроўка” – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства.

Падобныя канструкцыі, што абмяжоўваюць доступ да вады, супярэчаць артыкулу 54 Воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, паколькі ніякія падобныя агароджы не могуць узводзіцца бліжэй за пяць метраў ад кромкі вады. Вызначыўшы, што адбыўся фактычны захоп земляў агульнага карыстання, пракуратура прадпісала старшыні Магілёўскага райвыканкама ліквідаваць самавольныя канструкцыі.

Фота: пракуратура Магілёўскай вобласці