Нягледзячы на новагоднія святы, акупанты працягваюць абстрэлы Мікалаева, Мікалаеўскай вобласці, Украіны.
Камунальныя службы Мікалаева з самай раніцы 1 студзеня працуюць каля пацярпелых ад расійскіх абстрэлаў “Іскандэрамі” жылых дамоў – паведаміў Мікалаеўскі гарадскі галава Аляксандр Сянкевіч.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Абстрэлы акупантамі Мікалаева працягнуліся і 2 студзеня.
Уначы над Мікалаеўшчынай збілі 7 іранскіх дронаў-камікадзэ Shahed-136. Шэсць збілі Сілы СПА, яшчэ адзін – падраздзяленне Нацгвардыі – паведаміў начальнік Мікалаеўскай абласной ваенай адміністрацыі Віталь Кім.
Зноў без вады
Раніцай 2 студзеня прадпрыемства “Мікалаеўводаканал” паведаміла, што ў сувязі з тэхнічнай праблемай з электразабеспячэннем на вытворчых падраздзяленнях, вымушана спынена праца на ўсіх помпавых станцыях Мікалаева.
Адзначаецца, што энергетыкі ўжо прыступілі да рамонтных работ і высвятляюць, колькі неабходна часу, каб аднавіць падачу вады.
Онлайн-роды
У Мікалаеве ў навагоднюю ноч прымалі роды ў рэжыме онлайн – нарадзілася дзяўчынка вагой 3850 грам, 55 сантыметраў.
“Хуткая” не змагла ў час па гразі даехаць у сяло Бужскае пад Мікалаевым – перадае Друге ТВ. Акушэр жаночай кансультацыі Новаадэскай бальніцы Таццяна Любенка дыстанцыйна з дапамогай інтэрнэт-сувязі і медыцынская сястра Бужскай бальніцы Лілія Сухорская побач з жанчынай, што нараджала, зрабілі ўсё неабходнае . Раніцай ужо парадзіха з дзіцем дастаўлены ў радзільню. Абедзве адчуваюць сябе добра.
Усяго ўжо 1 студзеня ў Мікалаеўскай вобласці нарадзілася 12 дзяцей – 5 дзяўчынак і 7 хлопчыкаў.
Сувораў бывай!
У Мікалаеве ў апошнія дні 2022 года дэмантаваны бюст расійскага палкаводца. Помнік быў устаноўлены на вул. Калодзежная. Інфармацыю пацвердзіў начальнік упраўлення культуры Мікалаеўскага гарсавета Юрый Любараў.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».