Магілёўскі раён выйшаў на першае месца ў беларускім злачынным антырэйтынгу

Магілёўскі раён у 2024 годзе стаў самым крымінальным у Беларусі. Акрамя таго, большасць самых злачынных раёнаў таксама на Магілёўшчыне.

Топ злачынных месцаў у Беларусі ўзначальвае прыгарад Магілёва – тут здзяйсняецца 1 347 злачынстваў на 100 тысяч жыхароў. Пры гэтым у самім Магілёве паказчык умераны – 833. Пра гэта піша, спасылаючыся на звесткі Белстата выданне “Беларусы і рынак”.

Магілёўскі раён стаў лідарам у злачынным антырэйтынгу ўпершыню за апошнія гады, хоць заўсёды знаходзіўся ў топ-10. А раней першыя месцы займала глыбінка – у 2023 годзе, напрыклад, Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці.

У сваю чаргу, Бабруйскі раён на працягу пяці гадоў нязменна знаходзіўся ў топ-10 па злачыннасці. У яго злачыннасць ніколі не апускалася ніжэй за 1,1 тыс.выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва. А ў самы праблемны год – 2021 – яна дасягала 1,7 тыс. выпадкаў.

Хоць большасць найбольш крымінальных месцаў знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці, сярэдняе значэнне злачыннасці вышэй на Гомельшчыне. Там адбылося 873 злачынствы на 100 тыс. жыхароў, тады як на Магілёўшчыне – толькі 840, прыводзіць агульнадаступныя дадзеныя Белстат.

Сярод буйных гарадоў самым небяспечным традыцыйна з’яўляецца сталіца – 885 зладзействаў на 100 тыс. мінчукоў.

Усяго ж у 2024 годзе па Беларусі ў сярэднім здзяйснялася 800 злачынстваў на кожныя 100 тыс. насельніцтва.

Фота: evroflag.by